Палітычны аглядальнік: Лукашэнка ўпёрся рогам


«Лічым правільным актыўна паглыбляць узаемадзеянне ў межах Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, у тым ліку больш цесную каардынацыю ў вонкавапалітычнай сферы ды ў эканоміцы». Падчас паслання Федэральнаму сходу Уладзімір Пуцін літаральна адным абзацам закрануў пытанне інтэграцыі, хоць чакалася, што ён прысвеціць Беларусі нашмат больш часу.

Чаму так атрымалася спытаем кіраўніка аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН, палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага:

«У папярэдніх пасланнях Пуцін увогуле не згадваў пра Беларусь, таму фармальна ён прадэманстраваў падвышаную ўвагу. Але фармулёўка аказалася вельмі расплывістай. […]

Відаць па выніках перамоваў у Сочы Масква вырашыла не абвастраць фармулёўку, таму што напэўна беларускі кіраўнік упёрся рогам і не згадзіўся на тую «прасунутую», як яе назваў прэм’ер Мядзведзеў, інтэграцыю, нават ахвяраваўшы кампенсацыі за падатковы манеўр. Таму што калі б Масква дала нейкія грошы, то ўжо пра гэта трубіла б беларуская прапаганда. Карацей, кожны бок застаўся пры сваіх. Гэта не азначае, што Масква адкідае свае планы ціхай інкарпарацыі Беларусі пад маркай інтэграцыі, але вырашылі, відаць, пакуль не фарсаваць гэтае пытанне. У гэтым і драматызм моманту, таму што Масква можа, як любіць выказвацца Пуцін, «у доўгую гуляць». У Пуціна ёсць розныя варыянты, як яму падоўжыць уладу пасля 2024 года, а ў беларускага кіраўніка варыянтаў няма…»

Навошта інтэгравацца з Расеяй далей? Ёсць жа Саюзная дзяржава! Мы спыталі ў жыхароў Масквы.

Фота: Mikhail Klimentyev / Russian Presidential Press and Information Office / TASS / Forum

belsat.eu