Следам за гуртамі «Neuro Dubel» і «Крама» свае 25 гадоў на сцэне справіў «Палац». Канцэрт з нагоды гадавіны прайшоў у Менску ў дзень нараджэння лідара і саліста фольк-мадэрн-гурта Алега Хаменкі: музыку споўнілася 50.
У пачатку 90-х «Палац» арыгінальным чынам актуалізаваў народную спадчыну: даўнія фольк-спевы музыкі спалучылі з электроннаю музыкай ды сучаснымі танцамі. Атрымаўся новы кірунак – фольк-мадэрн. Пад іхныя «Русалкі» танчылі на школьных дыскатэках, а песню пра «Канюшню» спявала ўся краіна. Гэтак жа папулярным дагэтуль быў хіба толькі адзін пераспяваны па-сучаснаму народны твор – «Касіў Ясь канюшыну». Уладзімір Мулявін, дарэчы, адыграў сваю ролю ў гісторыі «Палацу», згадвае Алег Хаменка:
«Ён столькі падказаў практычных рэчаў, якія звязаныя са зносінамі ў свеце тагачаснай эстрады, і гэтыя парады былі такія своечасовыя, такія карысныя, што ўдзячны – да гэтага часу».
Павіншаваць з юбілеямі Алега Хаменку ды ўвесь «Палац» прыйшлі на канцэрт сябры і адданыя прыхільнікі. Сярод гледачоў – лідар гурту «Крама» Ігар Варашкевіч, які сочыць за творчасцю калегаў з самага пачатку:
«Ён падняў на новы ўзровень беларускую песню, сродкам спалучэння яе з сучаснымі інструментамі, мелодыяй, з апрацоўкай, то бок з рознымі сучаснымі рэчамі. У прынцыпе, ён быў першы пасля «Песняроў» у новай плыні музыкаў, і першым застанецца».
«Палац» надалей збіраецца радаваць сваіх прыхільнікаў новымі песнямі ды рэлізамі.
ІНШЫЯ ТЭМЫ:
Хто стаў беларускім Манэ?
У гомельскай «Мове Нанова» – новае месца.
Узнагароду імя Астрыд Ліндгрэн «Альма» атрымаў нямецкі ілюстратар.
Сяргей Будкін, Вольга Гардзейчык, «Белсат»