Паглядзіце, як на Вялікдзень гатуюць страусавыя яйкі


Прыгатаваць страусавае яйка для госці са святочным прозвішчам Пісанка (па-ўкраінску – велікоднае яйка). Такі чэлендж чакаў вядоўцаў шоу «Я не буду гэтага есці».

У праекце «Я не буду гэтага есці!» вядомыя людзі дзеляцца з намі сваймі кулінарнымі траўмамі: распавядаюць, да якой стравы не могуць дакрануцца і чаму. Задача нашых шэф-кухараў Вольгі Прыгаравай і Аляксандра Чыкілеўскага змяніць рэцэпт так, каб наш герой з’еў усё да апошняй лыжкі ды папрасіў яшчэ. Напрыканцы праграмы госць абірае пераможцу кулінарнай бітвы. І гэтым разам мы накіраваліся ў Кіеў скараць страўнікі ўкраінскіх зорак.

Руслана Пісанка – украінская акторка і вядоўца шэрагу папулярных тэлешоу. У тым ліку – «Службовага рамансу», у пары з тады яшчэ будучым прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Яна цудоўна гатуе і нават выдала кулінарную кнігу з рэцэптамі ўкраінскай кухні. У ёй яна, напрыклад, тлумачыла расейцам (кніга выйшла ў Маскве – рэд.) розніцу паміж варэнікамі з мясам і пельменямі.

Чаму ж раптам страусавае яйка? «Яно мяне напалохала сваім памерам. Калі я ўбачыла гэтую велізарную колькасць жаўтку… І бялку… Тата потым зрабіў яечню, такую двухкілаграмовую. І запрасіў мяне. Мне падалося, што яно нейкае такое штучнае. Нейкі ў мяне ступар унутраны», – растлумачыла госця студыі.

Каб прыгатаваць фрытату, Вользе Прыгаравай давялося свідраваць яйка дрылём. Аляксандр Чыкілеўскі вырашыў зрабіць біткі, таму яйка давялося варыць цягам 1,5 гадзіны!

Біткі са страусавага яйка

  • страусавае яйка – 1 шт.
  • цыбуля – 1 шт.
  • часнык – 1 зубок
  • цыбуля зялёная – 50 г
  • рукала – 50 г
  • кроп – 20 г
  • пятрушка – 20 г
  • каляндра (рас. кинза) – 20 г
  • мука – 50 г
  • манка – 40 г
  • гарбуз – 200 г
  • памідоры чэрры – 200 г
  • соль
  • цукар
  • алей – 30 мл
  • смятана 26 % – 180 мл

Зварыць яйка (1,5 гадзіны). Цыбулю і часнык дробна пасекчы і абсмажыць (частка пойдзе ў фарш для біткоў, частка – да смажанага гарбузу). Яйка астудзіць, ачысціць і нацерці на тарцы. Дадаць смятану, муку, манныя крупы, дробна парэзаную зеляніну (частка зеляніны пакінуць для таго, каб змяшаць з гарбузом), абсмажаную цыбулю і часнык. Змяшаць. Сфармаваць невялікія біткі, абваляць у муцэ і абсмажыць да залацістага колеру. Давесці да гатовасці ў духоўцы.

Гарбуз ачысціць, нарэзаць кубікам і абсмажыць. Змяшаць з зелянінай, абсмажанай цыбуляй і часныком. З рукалы і памідораў прыгатаваць салатку, заправіць алеем. Падаць біткі з зялёнай салатай і гарбузом.

Фрытата са страусавага яйка з гароднінай і сырам

  • страусавае яйка – 1 шт.
  • цукінія – 1 шт. (250–300 г)
  • шампіньёны або сезонныя грыбы, якія знойдзем на рынку – 0,5 кг
  • балгарскі перац – 300 г
  • памідоры – 2 шт. (200–300 г)
  • сыр цвёрды – 300 г
  • бекон – 300 г
  • масла сметанковае – 100 г
  • соль
  • перац
  • праванскія зёлкі
  • мікразеляніна для падачы

У шкарлупіне яйка прасвідраваць дрылём дзве супрацьлеглыя адтуліны, выдзьмуць змесціва ў міску, узбіць блендэрам да аднароднай кансістэнцыі. На разагрэтай патэльні абсмажваем гародніну на сметанковым масле, заліваем узбітым яйкам, пасыпаем цёртым сырам і ставім у духоўку на 10 хвілін пры тэмпературы 180 градусаў.

Паралельна рыхтуем чыпсы з бекону: на блясе з лістом пекарскай паперы выкладваем тонка парэзаны бекон і падсушваем да стану чыпсаў. Падаем фрытату з чыпсамі і мікразелянінай.

Чый варыянт перамог у кулінарнай бітве? Глядзіце у новым выданні кулінарнага шоу «Я не буду гэтага есці!» (відэа ў пачатку артыкула).

Шоу «Я не буду гэтага есці!» глядзіце штонядзелю а 19:35 паводле менскага часу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Astra 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў архіве на нашай старонцы.

Любіце гатаваць? Сачыце за абнаўленнямі на Facebook, у «Одноклассниках» і ў Instagram.

ІА, belsat.eu