«Падзея сезону: Жан-Мішэль Жар і Мёртвае мора


Вялікае шоу Жана-Мішэля Жара ў Ізраілі ля Мёртвага мора, можна назваць сапраўднай Падзеяй сезону з вялікай літары. Бо канцэрт, паводле водгукаў, быў грандыёзны, а сам маэстра прысвяціў яго экалагічным тэмам.

Становішча лічыцца катастрафічным: за апошнія 40 гадоў узровень вады ў Мёртвым моры знізіўся з 394 да 418 метраў ніжэй за ўзровень вады ў акіяне. ЮНЭСКО бʼе трывогу: на той сігнал адгукнуўся піянер-электроншчык Жан-Мішэль Жар.

«Я ўспрымаю чулліва абстрактныя ідэі. Мне хочацца змяняць свет у лепшы бок. Таму я прыехаў сюды яшчэ 2 гады таму, пазнаёміўся з жыхарамі гэтых раёнаў, зразумеў драматычнасць сітуацыі. Калі так будзе далей, то праз 20 гадоў гэтае мора знікне. Я не вучоны і не палітык, але я амбасадар Добрай волі ЮНЭСКО. Мая праца, як музыканта – прывабіць увагу планеты да праблемы», – кажа Жан-Мішэль Жар.

Яму цяпер 68. Але выглядае ён, як бачна на кадрах нашага сюжэту, на 45. Цягам апошніх гадоў, апасля творчага перапынку, Жан-Мішэшь запісаў два грандыёзныя альбомы з назвай «Электроніка». У тых запісах бралі ўдзел шэрагі маладых і старых прадстаўнікоў жанру. Сёлета яны намінаваліся на Грэмі.

«Я ўпэўнены, што рэгіён вакол Мёртвага мора такі ж значны, як полюс ці лясы Амазоніі. Змены тут паўплываюць на клімат планеты. І праблему не могуць вырашыць краіны рэгіёну без дапамогі ўсяго свету», – адзначае музыка.

Лічыцца, што за тэрмін актыўнай гуказапісваючай карʼеры Жан-Мішэль Жар прадаў свае запісы накладам больш чым 80 млн асобнікаў па планеце.

Жан-Мішэль Жар выступае з такімі канцэртамі перыядычна. Найбольш гучнымі зрабіліся ягоныя шоу сярод пірамід Гізы з нагоды надыходу новага тысячагоддзя і на Эйфэлевай вежы ў Парыжы. Тады ЮНЭСКО святкавала 50 гадоў са свайго заснавання.

Чытайце таксама:

Сяргей Філімонаў, belsat.eu