Відзьмо-невідзьмо «Падзея сезону»: Міжнародны Дзень музычнай крамы


Чуткі аб тым, што папулярнасць вінілавых кружэлак сярод меламанаў вяртаецца – не перабольшаныя. Напрыканцы красавіка ў Амерыцы і Еўропе адсвяткавалі юбілейны, ужо 10-ты Дзень музычнай крамы. Маюцца на ўвазе крамы, дзе гандлююць музыкай на фізічных носьбітах.

Нават, у вялікіх еўрапейскіх гандлёвых сетках аддзелы з вініламі выраслі за пару апошніх гадоў у разы.

«Купляем вінілы» – надпіс на музычнай краме.

«За 10 гадоў колькасць незалежных музычных крам у Брытаніі вырасла да 300. Да гэтага свята артысты і лейблы рыхтуюць абмежаваныя наклады адмысловых выданняў, якія магчыма набыць толькі цягам аднаго гэтага дня», – кажа гаспадар крамы.

Спявачка Ізі Бізу адзначае:

«Я падрыхтавалася да гэтага свята, выдала адмысловы сінгл са сваім гітом. На іншым жа баку – песня, якую ніхто раней не чуў».

Уладальнік крамы працягвае:

«Мяркую, што новая папулярнасць вінілаў – гэта не мода, але вяртанне людзей да праслухоўвання музыкі найлепшым чынам. 10 гадоў таму быў ніжні пік гандлю вінілам у Брытаніі, – тады прадалі толькі 200 тыс. асобнікаў. Летась прадалі 3 млн. У 2017-м, я ўпэўнены, дасягнем лічбы 4 млн. Дарэчы, у Амерыцы летась прадалі 13 млн вінілаў праз 1600 музычных крам».

Пра сваё стаўленне да вінілу распавядае Элтан Джон:

«А я купляю 5-6 новых альбомаў на вінілавых кружэлках штотыдня. Мяне захапляе рытуал знаёмства з дызайнам, падабаецца трымаць альбом у руках, гучанне аналагавага прайгравальніка. Цёплы гук без кампрэсіі.

Роджэр Долтры, вакаліст гурта «The Who» адзначае:

«Гэта была трагедыя, яны кажуць, нібы на лічбе прадаецца лепей? Я кажу: на лічбе гук лухта. І калі слухаеш вініл, гэта робіцца відавочным».

Хваліць вініл і экс-удзельнік гурта «Sex Pistols» Глен Мэтлак:

«Вініл – гэта супер. CD былі кампрамісам, іх яшчэ можна было прыняць. Лічба ж – гэта сурагат, нешта несапраўднае».

Як бы там ні было, але свята – Дзень музычных крамаў – выклікала цікавыя развагі як з боку гандляроў музыкай, так і з боку саміх артыстаў.

Сяргей Філімонаў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары