Падтрымка ваенных авантураў або анексія? Палітолаг пра стасункі Менску з Масквой


Напярэдадні таго, як Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сустрэнуцца ў Магілёве, вядоўца праграмы «Размова дня» Святлана Калінкіна задала шэраг вострых пытанняў аб двухбаковых стасунках палітолагу Арсеню Сівіцкаму.

У адносінах паміж Беларуссю і Расеяй – чарговы складаны перыяд. Відавочна, што Крэмль патрабуе пераглядзець умовы альянсу паміж двума краінамі і ўзмацніць пазіцыі, пры якіх Масква застанецца адзіным цэнтрам прыцягнення і ўплыву для Беларусі.

«Відавочна, што для Расеі ўзмацненне ваенна-палітычнай інтэграцыі з Беларуссю робіцца галоўным прыярытэтам. Гэта звязана з тым, што крамлёўскія стратэгі сур’ёзна расхваляваныя тымі працэсамі нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і Захадам», – выказаўся Арсень Сівіцкі.

Беларусь павінна стаць хаўруснікам Расеі ва ўсіх справах, зазначыў палітолаг. У тым ліку ў сумесных вайсковых аперацыях па ўсім свеце. У адваротным выпадку падзеі могуць развівацца ў самым непажаданым кірунку.

«Няма сумневу, што Крэмль як мінімум з 2015 году распрацаваў розныя сцэнары адносна таго, як рэагаваць на вось гэтыя працэсы нармалізацыі, на ўзмацненне стратэгічнага партнёрства з Кітаем, якое разглядаецца, як нават большая пагроза, чым усе гэтыя дыскусіі і кантакты паміж Менскам і Бруселем ці Менскам і Вашынгтонам», – адзначыў Арсень Сівіцкі.

Паводле яго, сёння ў Крамля існуе тры асноўныя планы ўзаемаадносінаў з Беларуссю. На жаль, усе яны не аптымістычныя для нашай краіны.

Якіх менавіта крокаў трэба чакаць ад суседняй краіны і чаго асцерагацца – у праграме «Размова дня» са Святланай Калінкінай і палітолагам Арсенем Сівіцкім.