Падатак на каронавірус

Свет не будзе ранейшым! Самыя развітыя краіны не могуць спыніць каронавірус, наймацнейшыя эканомікі свету страсае крызіс. У гэтым бурлівым акіяне праблемаў нічога не кранае Беларусь. Бо толькі ў нас ёсць гарант стабільнасці – ён жа і найлепшы ў свеце медык і эканаміст. Ніхто ж іншы не дадумаўся браць падатак з дармаедаў?! Крыху пачакаць, і можна будзе ўводзіць падатак… на інфікаваных каронавірусам. Пра геніяльныя рэцэпты ад уладаў Беларусі – Вольга Старасціна.

Найлепшыя мысляры планеты думаюць і шукаюць, адкуль узяўся смяротна небяспечны каронавірус, які паралізаваў Кітай, Амерыку і Еўропу. Але толькі Лукашэнка наблізіўся да раскрыцця сусветнай змовы. Ён распавёў амбасадару Кітаю, што падступны вірус – не з Беларусі!

«У нас гэты вірус не развіваўся, і, больш за тое, мы не зʼяўляліся і не зʼяўляемся нейкай кропкай, адкуль пачаўся гэты вірус».

Падобна, што Ковід-19 і не з Кітаю, у Лукашэнкі на гэта ёсць жалезныя доказы:

«З завезеных коронавірусаў з Кітая – ніводнага».

Адкуль жа? Раней кіраўнік Беларусі ўжо намякаў:

«Нам трэба баяцца, каб агромністая Расея не завірусіла нашую Беларусь, не ўсё ў СМІ давалі, у іх цяжкая сітуацыя».

У нас жа эпідэміі каронавіруса няма, але збор сродкаў на барацьбу з тым, чаго няма, распачаўся – Міністэрства здароўя адкрыла адмысловы рахунак. Ці будуць беларусы пералічваць грошы?

«Ну натуральна!»

«Пенсіянерам таксама трэба пералічваць? Ха-ха!».

«Вось я атрымаю пенсію, я магу і 10 рублёў даць».

«Грошы пералічыць можна, але такому кіраўніцтву як у нас нічога не варта даваць».

«Міністэрству я не давяраю».

«У кожнага ёсць лішнія грошы – трэба дапамагаць людзям!»

«Людзі, якія самыя ледзьве сточваюць канцы з канцамі, не павінныя дапамагаць іншым такім жа абяздоленым».

«Хутчэй за ўсё, так, калі будзе такая магчымасць».

«Магчыма, магчыма!»

Праз такіх «магчыма, магчыма» пры недахопе грошай улады могуць ужыць правераны спосаб: дармаедаў абклалі падаткам, з каронавірусных таксама могуць узяць. А каб іх паболела, не палохаюць загадзя – кажуць, эпідэміі няма.

«Хто вам праўду скажа: ёсць яна ці няма».

«Яна ёсць, толькі замоўчваюць».

«Людзі мруць, а ад чаго мруць? Значыць ёсць нейкая прычына».

«Усё хаваюць. Паўсюль-паўсюль вірус лютуе, дадзеныя паказваюць, а ў нас – усё добра. Такога не можа быць!»

«Яна ёсць, толькі нічога не падаецца шырокаму агалошванню».

«Як паўсюль, толькі лічбы не кажуць або афіцыйна не публікуюць».

«Усе цудоўна разумеюць, чаму гэта ўсё маўчыць. Загад адтуль».

«Не можа так быць, каб у нас былі межы адчыненыя, усе хварэюць, а ў нас усе здаровыя».

Што не ўсе здаровыя – гэта прызнаў і Лукашэнка:

«Ад каронавіруса ў нас яшчэ не загінуў ніводзін чалавек, а ад іншых хвароб людзі гінуць».

Але статыстыкі чамусьці таксама няма.

«У яго ўвогуле затарможанасць у гэтым плане. Ён думае, што самы разумны не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Увесь свет напалоханы і не ў паніцы, проста не ведаюць, як гэта спыніць».

«Гэта нейкая божая кара за нейкія правіннасці ўсяму чалавецтву. Так што бог пакуль што на Беларусь глядзіць добрым поглядам. Так што не бойцеся, што б ні здарыся, усё добра».

«У Расеі дзве праблемы – дурні і дарогі, а ў нас нашмат лепей – дурні, якія паказваюць дарогу».

Дарогу ў рай ці пекла?

«Вытрымаем да праваслаўнага Вялікадня, значыць, жыць будзем»? – сказаў Лукашэнка.

А калі не вытрываем, што тады?

Вольга Старасціна, «Субʼектыў», «Белсат»

Калаж: Васіль Фядосенка / Natalia Fedosenko /Jonathan Moscrop / Zuma Press / Forum /TASS

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў

Пуцін затроліў Колю Лукашэнка

Лукашэнка: галоўная для мяне і ўсіх падначаленых задача – гэта ўборка

Лукашэнка ў астрале

Лукашэнка будзе страляць у народзец

Лукашэнка стаміўся: «Самыя цяжкія часы за ўвесь прэзідэнцкі перыяд»

Выбарчыя сенсацыі

NEXTA ідзе ў прэзідэнты

Лукашэнка: «Калі ты ўжо цалаваўся з кімсьці, дык цалуйся далей»