Падарвалі 6 эшалонаў, напісалі – 95: як партызанілі ў БССР


Як насамрэч выглядала партызанская вайна ў акупаванай Беларусі? Пра гэта распавядае 4-я серыя цыклу адмысловых выданняў праграмы «Даты праўды», прысвечаных 80-м угодкам пачатку Другой сусветнай вайны.

У першыя ж дні пасля нападу немцаў на СССР у тыле ворага партыйныя і сілавымі структуры пачалі ствараць партызанскія атрады. А пасля вайны камуністы стварылі гераічны міф пра ўсенароднае змаганне і яго вырашальную ролю ў перамозе над немцамі. Лічбы падарваных эшалонаў, забітых і ўзятых у палон немцаў былі завышаныя. Ды і колькасць партызанаў, падпольшчыкаў была істотна меншай, чым называецца аж да сёння.

Hавiны
Міны з угнаенняў і адныя майткі на 30 чалавек – будні беларускіх партызанаў
2018.05.08 12:16

Кандыдат гістарычных навук Алесь Пашкевіч і кандыдат педагагічных навук Анатоль Тарас, – абапіраючыся на гістарычныя факты, абвяргаюць у 4-й серыі «Датаў праўды» савецкія міфы.

Арганізоўваў дзейнасць партызанаў і каардынаваў дапамогу ім створаны ў траўні 1942 году Цэнтральны штаб партызанскага руху пры Стаўцы Вярхоўнага галоўнакамандавання на чале з Панцеляймонам Панамарэнкам. У яго падпарадкаванні знаходзіўся і Беларускі штаб партызанскага руху.

Intermarium
Партызаны ў Беларусі: вайна ўсіх супраць усіх
2018.05.09 23:00

Разгарнулася гэтак званая «рэйкавая вайна». У выніку яе было знішчана, паводле справаздачаў партызанаў у Маскву, да 300 тысяч рэек і пушчана пад адхон больш за 11 тыс. нямецкіх эшалонаў з жывой сілай і баявой тэхнікай. Партызаны кантралявалі шмат якія шашэйныя дарогі і амаль усе грунтавыя, сарвалі спробы акупацыйных уладаў выкарыстаць для ваенных перавозак рэкі. Вельмі важным відам барацьбы быў разгром варожых гарнізонаў. Лічыцца, што на канец 1943 году каля 60 % акупаванай тэрыторыі Беларусі ўтрымлівалі і кантралявалі партызаны.

«Я велізарны артыкул напісаў пра Заслонава [героя Вялікай Айчыннай вайны, які камандаваў партызанскімі сіламі аршанскай зоны – рэд.]. І глядзеў, што пра яго пішуць у розных афіцыйных крыніцах, – распавядае Анатоль Тарас. – Што ён з чальцамі сваёй групоўкі ўзарваў ці то 95, ці то 98 эшалонаў. Гэта за тры месяцы. Кожны дзень – па эшалоне. А немцы ў той час ішлі наступам на Маскву. І ніякіх перашкодаў руху эшалонаў у Маскоўскую вобласць не было. Куды ж падзеліся тыя эшалоны? А куды глядзела Гестапа? Куды глядзела СД [Служба бяспекі рэйхсфюрэра СС – рэд.]? Мяне гэта вельмі зацікавіла, я пачаў капаць і знайшоў рапарт самога Заслонава. Там не 95 эшалонаў. А шэсць! Шэсць і 95! Мы ведаем праўду? Не, мы не ведаем. Адзіныя крыніцы – гэта рапарт самога Заслонава і ягоны ліст да сябра. Іншых дакументаў няма».

Якія яшчэ факты, замоўчаныя савецкімі ўладамі, не спяшаюцца абнародаваць кіраўніцтва сучасных Беларусі ды Расеі? І навошта ад нас хаваюць праўду? Глядзіце ў заключнай серыі аўтарскага цыклу Вячаслава Ракіцкага «Даты праўды», прысвечанага 80-годдзю пачатку Другой сусветнай вайны (відэа вышэй).

Аўтарскі цыкл Вячаслава Ракіцкага «Даты праўды» глядзіце ў архіве на нашай старонцы.