Пад знакам паравоза. Як нарадзіліся Баранавічы?


Баранавічы сёння – другі паводле велічыні горад Берасцейскай вобласці, места з развітаю прамысловасцю і ўніверсітэтам. А яшчэ 150 гадоў таму тут была толькі маленькая вёсачка і шляхецкі фальварак. Што спрычынілася да хуткага развіцця Баранавічаў? Якую іншую назву мог атрымаць горад?

Гісторыя Баранавічаў кароткая, але насычаная. Гэта рэдкі прыклад гораду, які развіўся ў выніку прамысловай рэвалюцыі ў Расейскай імперыі. Тут перакрыжаваліся дзве лініі чыгункі: Масква – Берасце і Вільня – Роўна. Гэта вызначыла важнае прамысловае і вайсковае значэнне Баранавічаў.

Падчас Першай сусветнай вайны Баранавічы неаднойчы наведваў цар, бо тут размяшчалася стаўка расейскай арміі. У міжваенны перыяд горад адышоў да Польшчы, а пасля Другой сусветнай – да БССР. Да 1954 года Баранавічы былі цэнтрам Баранавіцкай вобласці, якая пазней увайшла ў склад Берасцейскай.

Менавіта тут размяшчаецца 61-я знішчальная авіябаза, дзе служыў падпалкоўнік Уладзімір Карват – герой Беларусі, вайсковы лётчык першага класу.

Доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч раскажа пра заснаванне гораду, пакажа, як ён выглядае сёння, завітае ў Музей чыгункі і патлумачыць, адкуль у мясцовай царкве – варшаўскія мазаікі аўтарства Віктара Васняцова, Мікалая Бруні ды Мікалая Кошалева.

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:45. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.