Пачобут: Продаж рэзідэнцыі кіпрскаму афшору – адзнака крызісу


Прыгожае жыццё Лукашэнкі. Рэзідэнцыі растуць, як грыбы пасля дажджу. Іх ужо 17. Ёсць і борт нумар адзін. А на ім чаму б не паляцець у студзеньскія маразы ды завеі ў цёплыя краі? Напрыклад, у Егіпет.

Не сціхаюць гучныя каментары пасля таго, як наш тэлеканал адкрыў ды з дапамогаю дрона зрабіў здымкі чарговае і дагэтуль невядомае рэзідэнцыі кіраўніка Беларусі. 11 гектараў у ваколіцах Кукелеўшчыны. Ды загадкавы продаж маёмасці ў афшор. За чый кошт банкет, пытанне простае, бо плоцяць беларусы з уласных кішэняў. Усё, каб Лукашэнку было дзе прымаць гасцей. А часам і самому выехаць кудысьці. Ды з сабою захапіць сына Колю. І ізноў жа, за дзяржаўны кошт. У «Гарачым каментары» – журналіст, публіцыст Анджэй Пачобут.

«Думаю, што людзі прызвычаіліся да таго, што ўлады непадкантрольныя грамадству, што яны прымаюць нейкія рашэнні, на якія людзі не маюць уплыву. Таму грамадства назірае», – так Анджэй Пачобут пракаментаваў рэакцыю беларусаў на навіну пра чарговую рэзідэнцыю кіраўніка краіны.

Таксама ён выказаўся пра павышаныя меры бяспекі падчас працоўных паездак Аляксандра Лукашэнкі:

«Статус кіраўніка дзяржавы ў Беларусі вельмі высокі. Вы ж бачыце, як яго ахоўваюць, калі ён едзе. Памятаю, падчас ягонага апошняга візіту ў Горадню выставілі міліцыянтаў уздоўж дарогі. Гэта абсалютна не мела нейкай такой мэты аховы ягонай бяспекі. Хутчэй за ўсё гэта такая дэманстрацыя, такая візантыйскасць беларускай улады. Я думаю, што гэта робіць уражанне і на Лукашэнку».

Прычынай таго, што ў гісторыі пра рэзідэнцыю Лукашэнкі ў Шаршунах усплыў кіпрскі афшор, Анджэй Пачобут бачыць крызіс і тое, што «патрэбныя грошы»:

«Мне падаецца, што калі нешта ідзе праз афшор, калі такім чынам прадаецца нейкая дзяржаўная маёмасць, то гэта адзнака крызісу».

Чытайце таксама: