Пачобут пра аўтараў «Regnum»: Патрапілі пад раздачу


Чаму раптам вас параўналі з адэптамі «рускага свету»?

Мне складана разважаць, чаму так сталася. Адзінае, што скажу: гэта непадобныя справы, бо мы тут маем дачыненне з агенцтвам «Regnum», якое займаецца дэзынфармацыяй, прапагандай і распальваннем варажнечы, калі казаць пра сітуацыю ўва Украіне (фактычна, гэта СМІ, якое ўдзельнічае ў вайсковай аперацыі) і «Газетай Выборчай», аўтарытэтным польскім СМІ. Параўноўваць іх няправільна.

Адзін з адэптаў «рускага свету» – выкладчык БДУІР. Ці шмат гэткіх выкладчыкаў у нашай краіне?

Думаю, адэптаў «рускага свету» у Беларусі шмат: можна казаць не толькі пра выкладчыкаў, але таксама пра беларускія спецслужбы, медыі і г. д. Адзін з затрыманых у 2012-м напісаў шэраг матэрыялаў у «Савецкую Беларусь». Калі мы кажам пра ўплыў Расеі на беларускія сілавыя структуры і беларускую вертыкаль – пагроза тут вельмі сур’ёзная.

Апублікаваная перапіска, у якой працадаўцы даюць парады, які трэба абвастраць беларускую тэматыку. Гэта прыватная любоў да «рускага свету» (і нелюбоў – да беларускага) ці шырэйшая аперацыя ФСБ?

Цяжка адназначна адказаць на гэтыя пытанні. Мяркую, гэтая перапіска адлюстроўвае адносіны паміж медыямі і журналістамі. Такая перапіска магла б быць і ў «Савецкай Беларусі» – калі даюцца заданні для пэўнай працы аўтарам. У мяне няма ніякай інфармацыі, што за арыштаванымі хлопцамі стаіць нейкая сілавая структура. Магчыма, такая інфармацыя ёсць у беларускіх спецслужбаў.

У такім выпадку атрымоўваецца КДБ – абаронца беларускага?

У гэтай справе ёсць палітычны кантэкст: нафтагазавы канфлікт і антыбеларуская прапаганда на расейскіх каналах. Арышты ляжаць у кантэксце гэтай сітуацыі.

Калі казаць пра пазітыўны сігнал, ён у тым, што беларуская дзяржава прадэманстравала, што хоча бараніць сябе ад уплыву Расеі.

Негатыўны сігнал у тым, што гэтыя людзі патрапілі пад раздачу. Бо рабіць рэальныя крокі – абмяжоўваць уплыў расейскай тэлевізійнай прапаганды на беларускае грамадства – улады пакуль не збіраюцца.

Поўную размову Сяргея Падсасоннага з Анджэям Пачобутам глядзіце ў «Гарачым каментары»