Опса: гісторыя мястэчка на Браслаўшчыне, якое кароль Панятоўскі падарыў італьянцу


Опса – старажытнае мястэчка на Браслаўшчыне – азёрным краі, непадалёк мяжы з Літвой.

Калі прытрымлівацца версіі пра балцкую этымалогію назвы Опса, то яна азначае ўзбярэжжа ці проста плыткае месца. Што не дзіўна, бо побач акурат знаходзіцца аднайменнае возера.

Знойдзены побач курганны могільнік ІХ – першай паловы ХІ ст., сведчыць пра тое, што паселішча тут існавала ўжо ў раннім сярэднявеччы. Пакінулі яго носьбіты культуры, якую археолагі называюць культурай смаленска-полацкіх доўгіх курганоў. Гэта азначае, што тут жылі крывічы. Цікава, што частка пахаванняў праведзена па язычніцкаму абраду целаспалення, ці крэмацыі, а больш познія – ужо паводле новага хрысціянскага абраду целапалажэння – інгумацыі.

Упершыню ў пісьмовых крыніцах Опса згадваецца ў 1500 г. Вялікі князь Аляксандр Казіміравіч аддаў у часовае карыстанне двор, г.зн. маёнтак Опса смаленскаму князю, землі якога захапілі маскоўскія войскі – якраз ішла вайна з Масквой.

Паводле адміністрацыйнай рэформы ў Вялікім княстве Літоўскім 1565–1566 гадоў, яно ўваходзіла ў Браслаўскі павет Віленскага ваяводства. Вялікі князь здаваў маёнтак у арэнду шляхецкім родам, якія неслі дзяржаўную службу.

У XVIII ст. апошні вялікі князь і кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі прыстроіў тут сваю фаварытку. Расея заняла Опсу пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай ў 1795 г. і ўключыла ў Ковенскую губерню.

Адкуль у Опсе дуб Напалеона? Хто ў пачатку ХХ ст. пабудаваў тут шыкоўны палац? Чаму ў савецкія часы там трымалі дзяцей ворагаў народу? Пра гэтыя ды іншыя цікавінкі ў чарговай серыі «Загадак беларускай гісторыі» доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч гутарыць з краязнаўцам Віктарам Бунтам.

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:45. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

belsat.eu