Уварванне ў хату ўзброеных амапаўцаў, абразы і пагрозы сталі прычынай заўчаснай смерці 67-гадовай Лідзіі Юрчанкі. Так лічаць яе суседзі ромы, якія жывуць у паселішчы Грабянёва. Пасля смерці інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча магілёўская міліцыя правяла сапраўдную аблаву і затрымала каля сотні грамадзянаў.
Пра пагрозы, прыніжэнні і абразы, якія рэгулярна чуюць ад сілавікоў беларускія цыганы, распавёў сусед памерлай Пётр Язэпчук.
«Мы такія ж беларусы, як і яны, Мы тут нарадзіліся і жывём сотню гадоў. Чаму такое стаўленне? Усё пачалося гады 2-3 таму. Яны пачалі паволі наступаць, пачалі нас вазіць «на адбіткі». Сказалі – такі закон. Закон жа для ўсіх, правільна? І для беларусаў, і для цыганоў, і для габрэяў… Мы згадзіліся ўсе, паехалі, здалі адбіткі (пальцаў). Чаго баяцца, калі мы не крымінальныя людзі? І пачалі нас па пяць разоў цягаць, рабіць ім няма чаго, ускакваюць а 5 раніцы і пачынаюць! Па 10 разоў на год правяраюць дакументы ў адных і тых жа…»
У магілёўскім цыганскім паселішчы Грабянёва развіталіся з 67-гадоваю Лідзіяй Юрчанкай. На пахаванні была нашая калега Аліна Скрабунова:
«Людзі ўсе казалі адное і тое ж, што яны абураныя гэтай сітуацыяй і вінавацяць менавіта масавы захоп, які адбыўся 16-18 траўня, у гэтай смерці. Людзі кажуць, што смерць жанчыны адбылася праз вельмі моцны стрэс, які жанчына перажыла. Усе сваякі ў шоку ад таго, як з імі абышліся, таму што ў доме, дзе знаходзілася Лідзія Юрчанка, разам з ёй было чацвёра няпоўнагадовых дзяцей, да якіх была ўжытая грубая фізічная сіла, лаянка ў іх прысутнасці, абразы з боку АМАПу. Людзі таксама кажуць, што не адзіная Лідзія Юрчанка стала ахвярай…»
Працяг размовы – у сюжэце.