ПраСвет Нож на горле незалежнасці Беларусі, і Лукашэнка супраць армянскай рэвалюцыі. Што далей? «Прасвет» з Сяргеем Пелясою



У АДКБ, Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы, разгарэўся канфлікт. Праблемы і з арганізацыяй, і з дамовай, і з калектыўнасцю і нават з бяспекай. Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка – супраць кіраўніка ўраду Арменіі Нікола Пашыньяна. У чым сутнасць спрэчкі і як яна скончыцца, а таксама пра «нож на горле беларускай незалежнасці» – інтэрв’ю з Міколам Статкевічам, лідарам Народнай грамады. Больш пра тэмы «Прас
вету»:

Спрэчка саюзнікаў Расеі. Як яна скончыцца?

На гэтым тыдні канфлікт паміж Ерэванам і Менскам не развязаўся, а толькі паглыбіўся: у панядзелак Лукашэнка прымаў у сталіцы Беларусі кіраўніка Азербайджану, з якім Арменія ваюе ўжо больш за тры дзясяткі гадоў. Імаверна, цяпер пытанне дэкаратыўнага генеральнага сакратара АДКБ стане для армянскага лідара яшчэ больш прынцыповым. Што будуць рабіць у Менску, Ерэване і Маскве, высвятляў Дзяніс Дзюба.

Мікола Статкевіч: «Не думаю што база ЗША абароніць Польшчу»

Лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) крытычна ставіцца да ідэі сталай амерыканскай базы ў Польшчы. У «Прасвеце» мы паказалі інтэрв’ю з адстаўнымі польскім і амерыканскім генераламі, якія адказваюць былому беларускаму вайскоўцу. Аднак у нашай праграме падпалкоўнік у адстаўцы і былы кандыдат на прэзідэнцтва Мікола Статкевіч на гэтую тэму яшчэ не выказваўся. Сваю пазіцыю палітык тлумачыць у інтэрв’ю Змітру Міцкевічу. Вашай увазе – скарочаная версія. Цалкам размова пра канфлікт у АДКБ, пра расейскую пагрозу Беларусі іды перспектыву сталай прысутнасці войскаў ЗША ў Польшчы шукайце ў панядзелак на сайце «Белсату» і на профілі «ПраСвету» у сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».

Рэвалюцыя з беларускім акцэнтам. За што змагаюцца добраахвотнікі ва Украіне?

У Кіеве адзначылі пяцігоддзе Рэвалюцыі годнасці – падзеі, якая перавярнула жыццё не толькі тых, хто стаяў па розныя бакі барыкадаў Майдану, але і агулам змяніла ўсю еўрапейскую і сусветную палітыку. Нашыя карэспандэнты ў Кіеве паразмаўлялі з беларусамі, жыццё якіх Украіна змяніла не менш рэвалюцыйна, чым палітычнае поле ў нашых суседзяў. Сюжэт Аркадзя Несцярэнкі.

Расейскі пашпарт як пагроза. Актывістку Ганну Красуліну высылаюць з Беларусі

Здавалася б, часы дзекабрыстаў даўно адышлі ў нябыт. Але ўлады Беларусі раз-пораз звяртаюцца да найбольш ганебных практык з гісторыі. Беларуская міграцыйная служба пастанавіла выслаць з краіны прэсавую сакратарку Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганну Красуліну. Актывістка мае расейскае грамадзянства, але ўжо 16 гадоў жыве і працуе ў Беларусі. На меркаванне кіраўніцтва АГП, такім чынам улады збіраюцца пазбавіць партыю ейнага голасу. Падрабязнасці збірала Вольга Жарнасек.

Глядзі таксама
Каментары