Новыя падрабязнасці ў справе наваполацкага педафіла: 15 пацярпелых


Жудаснае злачынства ўскалыхнула Беларусь. Якім чынам цягам 20 год мужчына мог беспакарана гвалціць зусім маленькіх дзетак? Чаму праваахоўнікам спатрэбілася так шмат часу, каб знайсці злачынцу? Што штурхнула бацькоў на гандаль уласнымі дзецьмі?

Адказ на самыя вострыя і балючыя пытанні ў справе наваполацкага педафіла ў эфіры праграмы «Размова Мацкевіча» спрабуе даць сябра рады грамадскага аб’яднання «Паразуменне» Андрэй Маханько. Адмысловец дзеліцца падрабязнасцямі гучнай справы, якая шакавала беларусаў. Нагадаем, што ў краіне выкрылі педафіла, які цягам 20 гадоў гвалціў непоўнагадовых і ўцягваў іх у выраб незаконнай порнапрадукцыі.

Госць студыі зазначае, што асабіста ведаў бацьку адной з пацярпелых дзяўчатак і таму гэтая гісторыя ўспрымаецца больш востра, чым іншыя справы, якімі займаецца аб’яднанне «Паразуменне».

«Немагчыма пралічыць групу рызыкі. Калі мы кажам пра агульна маргінальныя групы грамадства – бедныя, тыя хто жыве аддалена, – не, гэта ўсё не працуе наагул. І больш за тое, я кажу, што за высокімі платамі трохпавярховых гмахаў у найбліжэйшых прыгарадах Менску можа хавацца нават большае зло, чым у маленькіх вёсках», – выказаўся Андрэй Маханько.

Сёння сярод пацярпелых ад дзеянняў педафіла – каля 15 дзяцей і падлеткаў. Як далей будзе рухацца расследаванне гучнай справы, глядзіце ў праграме «Размова Мацкевіча».