Новае жыццё беларускай класікі


Беларускія класікі ў новых кнігах: выдавецтва «Папуры» папоўніла серыю «Мая беларуская кніга» адразу 13 тамамі.

«Жоўты пясочак» Васіля Быкава, «Хам» Элізы Ажэшкі побач з упершыню выдадзенай асобнай кнігай «Полацкай шляхтай» Вайніслава Савіч-Заблоцкага. Рэдактары імкнуліся максімальна наблізіць класікаў да чытача, кажа пісьменнік, сябра рэдакцыйнае рады Уладзімір Сіўчыкаў:

«Беларус, ці то студэнт, ці то настаўнік, ці то школьнік, можа прыйсці і адвольна, спакойна купіць па дэмакратычнай цане класічныя творы нашай літаратуры».

Кнігі аказаліся даступныя па кошце (ад 5 рублёў), дзякуючы кішэннаму фармату і накладу дзве тысячы асобнікаў. Ідэя ж выдаваць класіку спачатку ў цвёрдай вокладцы, а потым, масава, у мяккай – даўно папулярная ў свеце.

Задавальнення не хавае пісьменнік і сябра рэдакцыйнае рады Лявон Баршчэўскі:

«Удалося і ў Беларусі выйсці на такі фармат. У гэтым плане думаю, што бібліятэка ўжо адбылася, таму што паўсотні кніжак – гэта вельмі вялікае дасягненне, улічваючы цяперашнія праблемы з кніжным рынкам».

Сабраць сваю калекцыю класікаў можна ў краме «Акадэмкніга» ў Менску, кнігарнях «Белкнігі» ды праз інтэрнэт.

Іншыя тэмы: «Дзяды» Міцкевіча – у польскай інсцэнізацыі, але на фоне Берасця. Жаночы погляд у эпоху гендарнай роўнасці: Выстава Анастасіі Балыш. Крэслы на павучыных нагах і нестабільныя карціны – на арт-кірмашы «Frieze» у Лондане.

Юлія Лабанава, Вольга Гардзейчык, Аляксандра Дорская