NEXTA пра новыя факты аб COVID-19


Белсат Zoom – новая праграма ў інфармацыйным вяшчанні. У цэнтры ўвагі – эпідэмія каронавірусу. Каментары з месца падзеяў. Ацэнкі экспертаў. Мы здабываем інфармацыю там, дзе прымушаюць маўчаць.

ААН – Беларусі: закрыйце заводы і рэстараны

Сусветная арганізацыя здароўя заклікае ўлады нашай краіны перанесці ўсе масавыя імпрэзы, у тым ліку спартовыя, культурныя, палітычныя і рэлігійныя. Пра гэта вядзецца ў апублікаванай справаздачы аб місіі САЗ у Беларусі, якая адбылася 8 і 11 красавіка.

«Апроч таго, САЗ рэкамендуе зрабіць магчымай дыстанцыйную працу і дыстанцыйнае навучанне ў школах, універсітэтах ды іншых навучальных установах, а таксама спыніць працу прадпрыемстваў, якія не аказваюць падставовых паслугаў», – звярнулася сталая прадстаўніца ААН у Беларусі Ёанна Казана-Віснёвецкі.

Таксама САЗ просіць мінімізаваць неабавязковыя перамяшчэнні, асабліва для групаў высокай рызыкі. Ранейшыя рэкамендацыі арганізацыі ўлады Беларусі збольшага праігнаравалі.

ІТ-суды

Тым часам да рэкамендацыяў САЗ прыслухаліся ў… судах Гомельшчыны. Упраўленне ўнутраных справаў аблвыканкаму паведаміла, што адміністратыўныя справы цяпер разглядаюць у рэжыме відэаканферэнцыі – каб ашчадзіць на перавозцы затрыманых з ізалятару ў судовую залу і мінімізаваць рызыку распаўсюджвання COVID-19. Першыя онлайн-прысуды вынеслі ў ізалятары Рэчыцкага РАУС – адны і двое содняў арышту за дробны крадзеж і дробнае хуліганства.

Рэкордна песімістычныя настроі

Эканамічнае самаадчуванне беларусаў найгоршае за апошнія 20 гадоў, сведчыць даследаванне Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэя Вардамацкага, праведзенае на прэзентатыўнай выбарцы з 1075 чалавек. Летась у снежні дрэннай эканамічную сітуацыю назвалі 38 % апытаных, у сакавіку і красавіку іх доля вырасла да 61 %. Амаль 35 адсоткаў ацанілі гаспадарчы стан краіны як сярэдні, і толькі крыху больш за два адсоткі – як добры.

belsat.eu