Вынікі года. NEXTA на Белсаце


«Шантажаваць нас, стаць каленам на грудзі, спрабаваць нахіліць – бессэнсоўна», – А.Р. Лукашэнка, 14.12.2018

На Каляды, на Каляды, на дыванік у Маскву. Не зважаючы на выходны дзень, Лукашэнка хуценька прыехаў у Крэмль. Уладзімір Пуцін зазначыў: «Як мы і дамаўляйцеся, сустракаемся за некалькі дзён да наступлення 2019 года».

Чатыры гадзіны дамаўляліся, перадамоўліваліся, а ў выніку так і не дамовіліся. Кіраўнік Беларусі яшчэ раз злятае ў Маскву заўтра. Ну а што, дамаўляліся ж. За тое, надзвычай бясцэннымі аказаліся воклічы на падыходах да Крамля, якія тэлеканал «Дождь» запісаў у мясцовых ор… дэпутатаў.

«Можа, народ хоча гэтак сама, як крымчукі, уз’яднацца? Трэба было б спытаць беларусаў».

«Гэтых пакуль есці нельга».

На закупы? Пшэпрашам

Польшча адмяніла візы на закупы. А гэта значыць, што цяпер ген шчасця – шэнген – будзе здабыць яшчэ цяжэй.

Жыхары Берасця:

«Без цукерачак з «Бэдронкі», без шакаладак будзе цяжка».

«Можна паесці паменш, галоўнае, каб душа чыстая была».

«Я думаю, спачатку будзе цяжка…» – «Будзе ломка, як вы думаеце?» – «Так, вядома!»

Цяпер для адкрыцця візы давядзецца шукаць іншую нагоду, а магчыма, і іншыя дакументы, сярод якіх можа аказацца абавязковая бронь начлегу або зваротны квіток. Але гэта пакуль недакладна.

«Думаю, што нашыя людзі знойдуць выйсце».

«Прыкласці бронь, дзе вы будзеце жыць. Забраніраваў, прыехаў, адмяніў бронь і паехаў далей. У чым праблема?» – дзеляцца сваймі думкамі берасцейцы.

ІТ, паўсюль ІТ

ІТ-рота на варце ІТ-краіны. Адмысловае падраздзяленне з 40 чалавек прыступіла да працы. Конкурс склаў ажно 8 чалавек на месца. Навіна добрая, нічога не скажаш – цяпер у прызыўнікоў ёсць нейкі шанец больш праграмаваць, чым быць праграмаванымі.

Міністр, псеўданім «Дзіравы»

Тэрмінова! Выступаючы з апошнім словам у Вярхоўным судзе, падсудны Ігар Шуневіч вырашыў перапрасіць беларусаў:

«Па-першае, я абавязаны выбачыцца. (…) Не здымаю з сябе абсалютна віны, таму што разумею, што каманда якая была сфармулявана, у якой я асабіста прымаў удзел, не справілася з пастаўленай задачай».

А не, гэта навіна з аднаго з будучых выпускаў.

А паколькі мы не можам выкарыстоўваць здымкаў учорашняга інтэрв’ю Обшченаціонального тэлебачання, то і відэа пра асаблівую любоў аматара НКВД да прадзіраўлівання людзей не пакажам.

Вітаўт Сіўчык, Субʼектыў, «Белсат»