Не ўсе беларускія праваслаўныя падпарадкоўваюцца Маскве


Праваслаўныя беларусы Таронта шмат гадоў могуць маліцца на роднай мове.

У гэтым канадскім горадзе дзеіць Беларуская праваслаўная аўтакефальная царква, якою кіруе архіепіскап Святаслаў Логін. Царква дзеліць памяшканне і сціпла супрацоўнічае з беларускім грамадска-культурным цэнтрам, а на службы прыходзяць таксама нашыя суродзічы іншых веравызнанняў.

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

Вершы ў свінарніку

Сяргей Прылуцкі – беларускі пісьменнік і перакладчык, ён жа паэт-хуліган Сірошка Пістончык, ужо дзесяць гадоў жыве ва Украіне.

У горадзе Буча каля Кіева Сяргей разам з жонкай-украінкаю (таксама паэткаю) разам гадуюць сямімесячнага Адама, ходзяць у госці да іншых суседзяў-паэтаў. Час ад часу збіраюць паэтычныя чытанні ў атмасферным закінутым свінарніку. Дзякуючы Сяргею, украінска-расейскае дзвюхмоўе тут дапаўняецца сакавітымі беларускімі вершамі, якія адкрываюць для мясцовых творцаў іншыя вымярэнні.

Беларус у адным з найстарэйшых універсітэтаў Нямеччыны

«Сям’я – не перашкода навуковай кар’еры», – мяркуе гісторык з Нясвіжу Віталь Быль. Разам з пераездам за мяжу для даследчыка адкрыліся новыя перспектывы.

Ужо тры гады Віталь працуе ў адным з найстарэйшых універсітэтаў Нямеччыны – у Ґрайфсвальдзе, там ён рыхтуе да абароны доктарскую дысертацыю, але сувязяў з радзімаю не перарывае.