«Не тапчыце дзяржаву!» Подзвіг Тадэвуша Рэйтана з-пад Ляхавічаў


«Тапчыце мяне, не тапчыце дзяржаву!». З такімі словамі Тадэвуш Рэйтан кінуўся на падлогу на паседжанні сойму, каб уратаваць ад падзелу Рэч Паспалітую. Дзякуючы гэтаму ўчынку ён трапіў не толькі ў гісторыю, але і на вядомую кожнаму паляку карціну Яна Матэйкі. А паходзіў Тадэвуш Рэйтан з-пад Ляхавічаў.

Там, у ягонай закінутай сядзібе Грушаўка, была знята чарговая серыя «Загадак беларускай гісторыі».

Сойм меў зацвердзіць першы падзел краіны паміж Расеяй, Аўстрыяй і Прусіяй, а Тадэвуш Рэйтан і яго аднадумцы спрабавалі яго сарваць. Калі было прынятае рашэнне пераўтварыць сойм у канфедэрацыю (што азначала прызнанне падзелу краіны) і дэпутаты пачалі выходзіць з залы, Тадэвуш Рэйтан кінуўся крыжам на падлогу, каб заблакаваць выхад сваім целам. Гэты выпадак увекавечыў на карціне «Падзенне Польшчы» вядомы мастак Ян Матэйка. А ў польскую мову нават увайшоў выраз «пакласціся Рэйтанам», то бок «моцна чамусьці супраціўляцца, пратэставаць».

У Польшчы наш зямляк – нацыянальны герой. У Беларусі – асоба малавядомая, у адрозненні ад іншага змагара за Рэч Паспалітую Тадэвуша Касцюшкі. Маёнтак Рэйтанаў у Грушаўцы знаходзіцца ў занядбаным стане. Незвычайна тое, што захаваўся не толькі драўляны палац, якому больш стагоддзя, але і шэраг гаспадарчых пабудоваў, парк XVIII ст. і ў аддаленні – капліца-пахавальня, праўда моцна знявечаная.

Адкуль у Беларусі з’явіўся род Рэйтанаў? Чаму яны пабудавалі драўляны палац, а не мураваны? Як склаліся іхныя лёсы? У новай серыі «Загадак беларускай гісторыі» распавядзе вядоўца, доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч (відэа ў пачатку артыкула).

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:45. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

belsat.eu