Давайце разбірацца Навошта арабскім шэйхам Беларусь? Эканоміка з Сяргеем Чалым


У Беларусі з’явіўся новы стратэгічны партнёр – Арабскія Эміраты, – гатовы нам пабудаваць міжнародны фінансавы цэнтр. Ці гэта сапраўды так? Што можа хавацца за інтарэсам арабскіх шэйхаў да Беларусі? Разбіраліся журналіст Станіслаў Івашкевіч і эканаміст Сяргей Чалы ў новым аналітычным выданні праграмы «Давайце разбірацца».

Эканаміст Сяргей Чалы скептычна ставіцца да будаўніцтва арабамі новага фінансавага цэнтру ў Менску. Адмысловец лічыць, што самая ідэя пабудовы фінансавага цэнтру ў краіне з нярынкавым статусам эканомікі ды з неразвітым фондавым рынкам – абсурд. Паводле Чалага, падобныя прапановы інвестарам – вельмі дрэнны знак.

«Людзі, разумеючы, у якім безнадзейным стане беларуская гаспадарка і беларускія ўлады, разумеючы, што надалей будзе толькі горш, вымушаюць іх верыць у цуд. Цуд стварэння сусветнага фінансавага цэнтру», – упэўнены адмысловец.

Вядоўцы праграмы прыгадваюць досвед продажу зямлі ў Менску арабскім інвестарам. 1 сакавіка 2010 года надзел у самым цэнтры гораду ўказам кіраўніка краіны без аўкцыёну прадалі ў тры разы танней за яго кадастравы кошт для будаўніцтва гатэлю, аб’ектаў інжынернай інфраструктуры і гандлёва-забаўляльных цэнтраў. У 2012 годзе самі арабы з Аману адмовіліся ад рэалізацыі гэтага праекту, спасылаючыся на яго нерэнтабельнасць. У 2013 годзе дзяржава ўласным рашэннем сканфіскавала ў іх гэты надзел бязвыплатна, не вяртаючы 10 мільёнаў долараў, за якія гэты надзел купілі. У 2015 годзе знаходзіцца новы інвестар з Арабскіх Эміратаў, які плануе пабудаваць там гіганцкі гатэльны комплекс.

Чые грошы, на думку адмыслоўцы, прыходзяць у Беларусь пад выглядам інвестыцыяў з Арабскіх Эміратаў? Чаму ў Беларусі разганяюцца заробкі і паніжаюцца стаўкі, але інфляцыя – усё роўна нізкая? Што можа адбывацца з айчыннаю гаспадаркай у агляднай будучыні? Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні глядзіце ў выданні.

Запрашаем глядзець аналітычныя выданні праграмы «Давайце разбірацца» з эканамістам Сяргеем Чалым, што будуць выходзіць раз на месяц. Агулам праграму глядзіце кожны другі чацвер а 19.05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4 A» (ранейшая назва «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Фота: Natalia Fedosenko/TASS/Forum; HANNIBAL HANSCHKE/Reuters/Forum

Глядзі таксама
Каментары