Суб'ектыў Навіны «пад грыбамі». NEXTA на Белсаце


У інфармацыйным полі Беларусі на гэтым тыдні прараслі грыбы – ды не простыя, а радыеактыўныя! Нітачкі грыбніцы ідуць з усходу, прабіваюцца ў галовы беларускіх грамадзянаў і чынавенства ды спрабуюць перахапіць кантроль над мазгамі, зрабіць з чалавека паслухмянага зомбі, які будзе толькі тэлевізар слухаць, а свайго розуму не мець. Пра гэта, а таксама іншыя неспадзяванкі ў нашым традыцыйным аглядзе.

Ратуйся, хто можа! Расейскі рынак залілі радыеактыўныя харчы! Таму трэба тэрмінова набыць дазіметр і не браць грыбоў і ягадаў «из Белоруссии», гэта абавязкова – чарнобыльскія мутанты. Прынамсі, калі верыць расейскаму тэлеканалу НТВ і праграме «Наш потребнадзор», прысвечаную радыяцыі.

«Нас падпільноўвае ежа, якая рэальна забівае. Бо гаворка не пра фарбавальнікі ды смакавыя дадаткі, а пра смяротную дозу радыяцыі, якую можна атрымаць не з’еўшы, а проста патрымаўшы ў руках бяскрыўдны з выгляду прадукт», – распавёў у эфіры Вадзім Такмянёў вядоўца «Цэнтральнага Тэлебачання» на НТВ.

НТВ-шнікі пайшлі на маскоўскі кірмаш, знайшлі грыбы-ягады з беларускіх лясоў і тут жа тэлепартаваліся ў чарнобыльскую зону ў Гомельскай вобласці. Цуд дый толькі! А потым паказалі вялізную рыбу са Смаленскай вобласці, якая жыве ў сажалцы ахалоджвання атамнай электрастанцыі. І аказалася, што беларускія харчы – кепска, бо ў іх – радыяцыя, а рыба пры АЭС – добра. Бо гэта тэхналогіі «Росатаму», а не нейкія там чарнобылі. А расейскія тэлеканалы хлусіць не будуць.

«Створаныя расейскімі спецыялістамі электрастанцыі надзейныя і максімальна бяспечныя», – адзначыў Уладзімір Пуцін, прэзідэнт РФ.

І Белтэлерадыёкампанія хлусіць не можа.

«У інфармацыйнай прасторы ў тэме нацыянальнага ядравага праекту існуе значная доля хлусні і негатыву», – ва ўнісон адзначыўАляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.

Але хто з іх не хлусіць больш? Бо вось Аляксандр Лукашэнка кажа, што «Росатам» сарваў тэрміны запуску Астравецкай АЭС. Таму ён папрасіў Уладзіміра Пуціна палепшыць умовы атамнага крэдыту – знізіць адсоткі, даць больш часу на вяртанне грошай.

«Пакуль адкладваецца запуск першага блоку аж на год… І раз ужо тэрміны былі сарваныя (мы, канешне, не хочам ісці ў суды, судзіцца, як па дамове), мы дамовіліся, што тэрмін вяртання крэдыту трэба працягнуць», – адзначыў кіраўнік Беларусі, Аляксандр Лукашэнка.

А ў «Росатаме» кажуць: не было такога. Усё будуем хутка, але якасна, ужо наступным годам атрымаеце самую экалагічную ў свеце электрычнасць.

Але затрыманні ў будоўлі былі – бо расейскія спецы ў Астраўцы спачатку скінулі корпус рэактара падчас разгрузкі. А той, што прывезлі на замену, стукнулі аб слуп на чыгунцы.

Можа, таму цяпер Міністэрства надзвычайных сітуацыях Беларусі плануе правесці вучэнні па перавозу ядравага паліва? Сцэнар трэнінгаў пакуль сакрэтны. Але вядома, што радыеактыўнае паліва прывязуць з Расеі яшчэ да новага года.

І яшчэ трохі ядравых навінаў.

Кавалак беларуска-ўкраінская мяжы ў раёне Чарнобыльскай атамнай станцыі пачнуць ахоўваць эксперыментальным метадам. Як заявіў старшыня памежнага камітэту Анатоль Лапо, там не будзе людзей-памежнікаў. Толькі тэхнічныя сродкі. А можа, мы не ведаем усёй праўды, і цяпер рэдкі сталкер рызыкне прарывацца праз гэты эксперыментальны кавалак мяжы?

Глядзі таксама
Каментары