Настаўніца напісала верш пра Колю Лукашэнка


Белсат Zoom – новая праграма ў інфармацыйным вяшчанні. У цэнтры ўвагі – выбарчая кампанія, рэпрэсіі над актывістамі і журналістамі, эпідэмія каронавірусу. Каментары пацярпелых з месца падзеяў. Ацэнкі экспертаў. Мы здабываем інфармацыю там, дзе прымушаюць маўчаць.

Працягваецца ціск на апанентаў Аляксандра Лукашэнкі ў перадвыбарчай гонцы: затрыманы каардынатар Віктара Бабарыкі ў Магілёўшчыне Уладзімір Дудараў. Сам жа кіраўнік дзяржавы пахваліўся, што сабраў ажно паўтара мільёна подпісаў за ўласнае вылучэнне. Найбольшы ціск спазналі штабоўцы прэтэндэнткі ў кандыдаты Святланы Ціханоўскай. Што хацела б сказаць беларусам Кацярына Гарэлікава, прадстаўніца ініцыятыўнай групы Ціханоўскай з Воршы? А таксама просьба аб салідарнасці нявесты фігуранта «справы Ціханоўскага» Вяргілія Ушака – Надзеі Салодкай.

Голас жыхароў Лепелю: пытаем, што б хацелі сказаць уладам? Што рабіць незалежным журналістам? На карэспандэнтаў нашага каналу складаюць чарговыя пратаколы, выклікаюць, затрымліваюць, забіраюць тэхніку. Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў дае свае парады. Ціск на ўсіх франтах на нязгодных: звальняюць адну з найлепшых беларускіх настаўніц Ганну Севярынец, бо яна напісала верш пра Колю: «Не думай пра мяне, страляй. Але думай пра Колю». Дырэктар Смалявіцкай гімназіі Дзяніс Дубаневіч заявіў, што «нашая задача абслугоўваць ідэалогію, якая ёсць», а «настаўнік не мае права крытыкаваць уладу». Што адкажа ў нашым эфіры Ганна Севярынец?

Падсумоўвае палітычную сітуацыю і адказвае на пытанне, ці ўдалося застрашыць беларусаў, палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў. А на эфір запрашае Сяргей Падсасонны. Таксама пакідайце каментары і прапановы, наш кантакт BELSAT@GMAIL.COM