«Нас тут пакуль трываюць». Жбанкоў пра вул. Кастрычніцкую


Самыя распазнавальныя сталічныя сталінскія высоткі набылі выгляд шклянак з каляровымі кактэйлямі, а побач – зубр, з носа якога струменіцца каляровая пара.

Не толькі гэткія графіці ператварылі сталічную Кастрычніцкую вуліцу з яе закінутымі фабрыкамі ў прастору, дзе збіраюцца творчыя менчукі. Яшчэ 5 гадоў таму цяжка было паверыць, што тут размесцяцца самыя модныя галерэі, рэстараны ды пляцоўкі для каворкінгу.

Што праўда, досвед такіх пляцовак, як «Ў» ці «Арт-сядзіба», якія неаднойчы зазнавалі ціск з боку ўладаў, нагадвае пра крохкасць усяго, што маладое і творчае.

«Мы самі сабе не гаспадары. Нас тут пакуль трываюць. Я зусім не ўпэўнены, што заўтра не прыйдзе чалавек, не скажа: «Ведаеце, пастанавілі ўсё гэта знесці, тут будзе ў нас 20-павярховы білдынг з 5-павярховым падземным гаражом». І тое, што тут за 5, 6, 7, 8 гадзінаў можна не пабачыць ніводнага цудоўнага напампаванага патруля АМАПу – асаблівая краса», – мяркуе культуролаг Максім Жбанкоў.

Пакуль жа Кастрычніцкая застаецца ці не адзіным месцам у Менску, дзе нават бюст Леніна выглядае арганічна, уліваючыся ў абсурдна-фантазійныя графіці на вялізных сценах будынкаў.

Марына Вашкевіч; фота вокладкі – myrcot