Нахіліў арабскага прынца. NEXTA на «Белсаце»


Хто самы ўплывовы палітык планеты? Той, на каго працуюць багацеі, кіназоркі і нават прэзідэнты! Гэтак папрацаваць лапатаю прыехаў у Менск прэзідэнт Кубы Мігель Мар’ё Дыяс-Канэль Бэрмудэс.

Такога ў жыцці Дыяса-Канэля, падобна, яшчэ не было:

Дыяс-Канэль: «Я ніколі не забуду гэтай сустрэчы!»

Лукашэнка: «Дзякую!»

Дыяс-Канэль: «Нашае сяброўства будзе вечнае».

А хто здольны нахіліць наследнага прынца Саудаўскай Аравіі? Лукашэнка сказаў, дзе капаць, і нават шэйх не пасмеў адмовіць:

Лукашэнка: «Тут ёсць нам над чым працаваць!»

Палац жа Лукашэнкі павінен быць не горшы, чым у самых багатых шэйхаў Усходу. Сваю лепту ў добраўпарадкаванне прыпалацавай тэрыторыі ўнеслі і былы, і цяперашні прэзідэнт Узбекістану, і кіраўнік Егіпту, і шматлікія іншыя сусветныя лідары. Дрэўца да дрэўца – і на паслугах зелянгасу «крэпкі хазяйственнік» Лукашэнка зэканоміў.

Прэзідэнты садзяць, кіназоркі косяць. Сем патоў сышло з Жэрара Дэпардʼё, але калі Лукашэнка сказаў трэба – значыць, будзе зроблена! Але і свае людзі ў Беларусі без працы ў палях не застаюцца. Багацеі і чыноўнікі збіраюць бульбу, першыя прыгажуні краіны – кавуны. Вось толькі з Пуціным неяк не задалося: Лукашэнку даводзіцца абслугоўваць кіраўніка Расеі. А іншых лідараў супердзяржаваў дык увогуле, чамусьці, не дапрасіцца, каб да Лукашэнкі прыехалі.

Папрацавалі, цяпер можна і пагаварыць. І ёсць пра што. Можа, прэзідэнт Кубы прыязджаў да Лукашэнкі, каб падзяліцца досведам перадавання ўлады? У сацыялістычнай Кубе амаль шэсцьдзесят гадоў кіравалі браты Кастра, і толькі два тыдні таму прэзідэнцкае крэсла заняў Мігель Марʼё Дыяс-Канэль Бэрмудэс.

«Куба была і застаецца для нас узорам стойкасці і вернасці сваім ідэалам», – адзначыў падчас сустрэчы Аляксандр Лукашэнка.

Падобны сцэнар пераймання ўлады зрэалізавалі сёлета і ў Казахстане, куды Аляксандр Лукашэнка прыляцеў напярэдадні на перамовы з нядаўна абраным прэзідэнтам Касым-Жамартам Такаевым. Няўжо і ў Беларусі рыхтуецца перадаванне ўлады? Запыталі мы ў жыхароў Менску:

«Канечне ж не, на ўсе часы – Аляксандр Рыгоравіч, на ўсе часы!»

«Гэта немагчыма пакуль што. А навошта яму? У яго ж усё добра!»

«Можа, ён увогуле несмяротны».

«Стырно ўлады ён нікому не гатовы перадаць».

«Наўрад ці. Калі ён сеў на трон, то гэта надоўга. Або перадасць сваім блізкім людзям – сыну».

«Ён ні за што не сыдзе!»

«З такога месца не сыходзяць!»

Таму кіраўнік Беларусі рыхтуецца да прэзідэнцкіх выбараў, трэнуючыся на парламенцкіх:

«Перад камерамі я не скажу, што сказаў асобна кіраўнікам выканкамаў. Я ім сказаў: так, хлопцы, выбары – выбарамі, але мы павінныя паказаць, што ў краіне ёсць улада! Гэта рэпетыцыя прэзідэнцкіх, усё сфакусавана там».

Па рэпетыцыі ўжо бачна, якой будзе прэзідэнцкая кампанія: канкурэнтаздольных апазіцыянераў не зарэгіструюць кандыдатамі, а тым, каго ўсё ж зарэгіструюць, слова сказаць не дадуць. Як напрыклад, Ірыне Давідовіч, зварот якой да выбарнікаў не паказалі ў эфіры:

«Пераменаў да лепшага не будзе, пакуль ва ўладзе стаіць Лукашэнка. Кажуць людзі, што Лукашэнка сам не сыдзе, дык давайце яму паможам пакінуць трон»!

Не паказалі і тэлевыступу Уладзіміра Няпомняшчых:

«Відаць, іх напужала спалучэнне двух словаў: «імпічмент» і «Лукашэнка». Яны нарабілі ў штаны па поўнай праграме. Таму і не паказалі майго выступу».

За падобныя словы знялі з выбараў кандыдатку з Берасця Паліну Шарэнду-Панасюк:

«Дыктатар Лукашэнка забраў у беларусаў неад’емнае права любога чалавека – выбар».

Яшчэ страшнейшыя словы гучалі на пікеце кандыдаткі. Запісалі крамолу сілавікі ды перадалі ў выбарчую камісію:

«Нашыя галоўныя патрабаванні: Лукашэнка павінен сысці!»

Прадстаўнік кандыдаткі спрабаваў даказаць, што ўсё ў межах закону: «Гэта нашыя праграмныя патрабаванні: адстаўка Лукашэнкі і свабодныя выбары!» Чалец выбарчай камісіі: «Калі б яна каціравалася, груба кажучы, у прэзідэнты, то напрамілы Бог!»

Вось яно, святло напрыканцы тунэлю! Выбарчыя камісіі чакаюць прэзідэнцкіх выбараў, каб на іх прагучалі заклікі зрынуць прэзідэнта, як яны кажуць, «напрамілы Бог!»

Вольга Старасціна, Сцяпан Святлоў belsat.eu

Калаж з фота: Alexei Nikolsky / TASS / Forum