Як я быў малы, то чуў, як дзяды каля крамы разважалі, колькі можна было купіць булак хлеба на адну зарплату за царом, за польскім часам і за другімі саветамі. Без хлеба і цяпер не пражывеш, але можаш без хлеба застацца, калі не заправіш своечасова машыну. Стратэгічны рэсурс амаль кожнай сям’і цяпер – паліва. Пра кошт рэсурсу ў відавочным вымярэнні і пагаворым.
А паліва вырабляюць з нафты, а нафту наш край прызвычаіўся купляць з Расеі, а Расея ўжо не тая, што раней.
Як захоча нас прыпужнуць, раз – і кранік перакрывае. І што цяпер?
А тое, што й раней. Аб’ёмы і глыбіня перапрацоўкі нафты растуць. Цана на яе расце. Доля нафтапрадуктаў у нашым экспарце расла. Ці будзе далей? Пабачым.
А вось паліва для аўтамабіляў куплялі ўсе, хто іх мае, купляюць і будуць купляць, пакуль самім на ежу хапае. І прадаецца тое паліва ўвесь час за беларускія грошы. Таму рэальны кошт статыстыка не ўлоўлівае.
Дык мы вырашылі паглядзець так: колькі 20-літровых каністраў бензіну можа набыць тутэйшы яздок на мадальную, то бок самую распаўсюджаную зарплату.
Мы бачым увасабленне стабільнасці. Ні ваганні імпарту разам з лініяй Пуціна, ні ваганні сусветнай цаны на сыравіну не ўплываюць.
Залатая прапорцыя, вызначаная для «простого челавека» ў нетрах нейкіх адміністрацыяў незлічонымі адміністратарамі, непарушная.
Ці ёсць у тым нешта дзіўнае? Не думаю. Бо ў той жа меры, што і мы, залежаць ад кошту нафты нашы заходнія бліжнія і дальнія суседзі.
І замест тутэйшай стабільнасці мы бачым нейкі нездаровы рост. Магчымасці сярэдне нармальнага немца ўзраслі.
Ён можа купіць на свой сярэдні заробак на 9 каністраў болей. Хопіць яму хіба да нас на экскурсію прыехаць, павучыцца жыць і дадому вярнуцца. І ўсё – купляючы ў рускіх за большыя грошы, чым мы купляем.
І вось чаму так? Здавалася б, і фраў Мэркель там на пасадзе доўга сядзіць, і эканомікі нашы экспартаарыентаваныя. І орднунг, то бок парадак, любім.
І неяк крыўдна за нашу стабільнасць робіцца. Не ў тым сэнсе, што яны могуць паліва купіць у пяць разоў болей за нас. Столькі мо й не трэба.
А таму, што яны неяк сунуцца наперад, а мы неяк таўчомся больш на адным месцы.
Можна, праўда, ганарыцца, што паліва экспартуем як нейкі эмірат.
Але чамусьці прыпамінаецца праз тое класік наш, Багушэвіч: «Свет дрывамі закідае! А ў хаце – зварыць страву, пашчапае стару лаву!» Ён яшчэ абзываўся за тое, а я не буду. Поспехаў.
Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».
Міхал Залесскі, belsat.eu