Набывайце свініну, пакуль можаце




Эксперт «Асабістага капіталу» Міхал Залескі прагназуе, колькі свініны змогуць набыць у 2019 годзе беларусы, і прагноз яго песімістычны.

Вось і яшчэ адзін год праляцеў. Ці добры ён быў у гаспадарчым плане? Ці ўдала складзецца год новы? Адказ на абодва пытанні – у мінулым. Чаму? Бо там нічога ўжо ня зменіш і добра відаць сярэдняе, вакол каторага, ухіляючыся ў горшы ці лепшы бок, бруіцца плынь жыцця і часу

Каб трымацца падалей ад эмоцый і схільнасцяў, ад моды і да яе падобных веянняў будзем браць толькі з’явы параўнальныя, толькі надзейныя вымяральныя інструменты, а гэта тыя, каторымі карыстаюцца пастаянна і лічбы, каторыя лічацца прыймальнымі.

Пакупніцкая здольнасць грашовых прыбыткаў на прыкладзе свініны

Статыстычныя органы дзяржавы падлічваюць, напрыклад, колькі можа купіць розных прадуктаў гаспадыня ў звычайнай краме на тыя грошы, каторымі яна распараджаецца ў разліку на аднаго чалавека ў сямʼі. Свініна, каторую мне захацелася ўзяць як вымяральны інструмент, бярэцца на ўлік простая, з косткамі і скураю. Добра бачна, што пакупніцкая здольнасць моцна вагалася: ад 65 да 93 кілаграмаў за долю аднаго чалавека ў сямейным бюджэце. Сярэдняя велічыня за 2010-2018 гады атрымалася ў нас 78 кілаграм.

Такім чынам мінулы год быў крыху лепшым чым сярэдні, свінінаю мераючы – на два кілаграмы.

Сярэдняя пакупніцкая здольнасць за 2010-2018 гады ў параўнанні з 2018 годам

Гэта магло б натхняць, калі б назіралася ў мінулым устойлівая дынаміка, калі б рост быў упэўнены, ці, прынамсі, пэўны. Але ж пэўнасці няма і начальства нават спрабуе з цэнамі на свініну неяк змагацца.

Спрабуе і народ, але не вельмі ахвотна пераходзіць на курыныя вантробы і бычыныя хвасты. У такіх умовах рабіць афіцыйны прагноз рызыкоўна і абяцанак чуваць усё меней. Але нам абяцаць ня трэба і няма чаго, то спрагназуем. Зыходзіць у сваім памкненні ўбачыць будучыню будзем з таго, што ў сярэднім, гаспадарчае жыццё апошнія сто год як ішло так і ідзе. Свінкі рохкаюць, жывуць і пераўтвараюцца ў катлеты нягледзячы на войны, рэвалюцыі і змены рэжымаў.

Прагноз пакупніцкай здольнасці на 2019 год

З улікам цыклічных ваганняў вытворчасці ў нашай краіне, дынамікі цэн на асноўныя кампаненты, што фарміруюць сабекошт свініны: кармы, аплата энергіі і заробкі работнікаў прагноз мой песімістычны. Што праўда, у нашай краіне дзейнічае яшчэ і палітычны фактар, але ягоны ўплыў на фактычнае жыццё ўсё больш абмяжоўваецца тэлевізарам. Гэта і добра. Лядоўня ўсё ж больш эфектыўны рэгулятар працоўнага энтузіязму. І таму больш аддаленая будучыня ўяўляецца светлаю і прыемнай.

Зразумела, што пасля сказанага ўзнікае пытанне, а ці ёсць у статыстычным уліку такія прадукты, паводле каторых пакупніцкая здольнасць выглядае інакш чым у мясным вымярэнні. Давайце зірнем. Не, няма – вагаюцца ўсе разам з лініяй партыі.

Суадносіны сярэднямесячнага заробку і мінімальнага спажывецкага бюджэту

У такім выпадку, паколькі мінімальны спажывецкі бюджэт – прадукт бюракратыі, а сярэднямесячны заробак, асноўная крыніца прыбыткаў, вынік рынкавых адносін, то больш аддаленую будучыню спрагназуем навукова па іх суадносінах.

Цяпер, азірніцеся навокал, на сваю кватэру, сваіх сямейных і прыкіньце, што вы будзеце рабіць з сярэдняю заработнаю платаю каторая абяцае дэманстраваць роўна такі рост, што забяспечыць людзям існаванне дастатковае, каб не бунтавалі?

А тое, што і заўсёды.

Вось гэта і завецца беларуская стабільнасць. Існаванне ў ёй вучыць засвойваць такія хады, каторыя дазваляюць не надта красуючыся вырашаць надзённыя пытанні, мець што і ўсе, жыць як і ўсе, каб усё прыбывала пакрысе, балазе ніхто асабліва і не чапляецца, бо самі такія. Поспехаў!

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».