У праграму «Маю права» спадарыня Валянціна звярнулася, бо не атрымала заробку яшчэ за снежань 2019 года.
«То яны казалі [кіраўніцтва], што крэдыт узялі, аддадзім. Пасля цішыня. Пазней казалі – каронавірус, – скардзіцца Валянціна Шляга. – Дык каронавірус… Мне ж таксама трэба нейкія лекі набыць, маску тую ж… Не, ну неяк жа жыць трэба?!»
Два гады таму завод арандавала прыватная кампанія «Дом керамзіту». Ужо праз год пачаліся праблемы з выплатамі. А днямі дзейнасць на прадпрыемстве ўвогуле спынілася. Працаўнікі неаднаразова звярталіся ў органы кантролю – безвынікова.
«Я таксама тэлефанавала ў Жыткавічы. У нас тут няма, а ў Жыткавічах ёсць, дзе разглядаюцца працоўныя спрэчкі. Паразмаўлялі. А яны мне і кажуць: «Сёння тэлефанаваў ваш дырэктар!» А я і кажу: «Дык мне што рабіць?» Адказалі: «Ідзіце ў суд!», – распавядае Валянціна.
Менавіта ў дзень здымак на прадпрыемства прыехалі чыноўнікі з Гомля. Пад пагрозаю звальнення работнікам забаранілі выходзіць да нашай здымачнай групы. Але спадарыню Валянціну гэта не спужала.
«Звальняйце! – кажа камусьці тэлефоне Валянціна праз тэлефон. – Толькі грошы мне аддайце, ды я пайду з Богам!»
Каб паразмаўляць з намі, Валерый Сумар, кіроўца «Дому керамзіту», выехаў за межы прадпрыемства, – на аўтазаправачную станцыю. Вінныя мужчыну каля дзвюх тысячаў рублёў, на што ён паскардзіўся ў дэпартамент аховы працы.
«Яны мне там казалі, што дэпартамент аховы працы не ўпаўнаважаны вырашаць гэтыя пытанні, так як я працую па дамове падраду. Я запытаў: «Калі я працую па дамове падраду, то значыць я ніхто?» Яны адказалі, што трэба звяртацца ў суд», – кажа Валерый.
Тады спадар Валерый напісаў скаргу ў Савет Рэспублікі. Пакуль чакае адказу, звярнуўся па спагнанне заробленых грошай да натарыуса.
«Гэта не суд, але праз судовых выканаўцаў, натарыус афармляе выканаўчы надпіс. І ўжо без згоды банк з рахунку [даўжніка] мусіць перавесці запазычанасць на мой рахунак, плюс выдаткі на натарыуса», – тлумачыць мужчына.
Каб даведацца, ці будуць выплочвацца заробкі, мы патэлефанавалі на прыватны нумар Аляксея Асіпенкі, аднаго з уладальнікаў «Дому керамзіту».
«У нас пакуль прадпрыемства не працуе, – у кагосьці за 3 месяцы запазычанасць, хтосьці цалкам разлічаны. Няма такога, каб за 4 месяцы цалкам не быў разлічаны працаўнік. Выплочваецца часткамі, як грошы з’яўляюцца, так і разлічваемся. У планах у нас да канца траўня з імі разлічыцца цалкам», – распавёў Аляксей Асіпенка.
Леанід Судаленка, юрыст Незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці, лічыць зварот да натарыуса адным з самых дзейсных крокаў. Але далёка не панацэяй.
«Мая парада ўсім, калі бачыце, што вам не заплацілі месяц, прыглядзіцеся ўважліва, чаму гэта адбылося. Ну, яшчэ можна месяц папрацаваць, і потым трэба шукаць сабе ўжо другога раджу», – кажа юрыст.
Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.