На кожнага ўцекача Еўропа плануе выдзеліць € 6 тысяч


ЖАН-КЛЁД ЮНКЕР, ПРЭЗІДЭНТ ЕЎРАКАМІСІІ:«Еўрапейская камісія прапануе механізм пастаяннага пераразмеркавання бежанцаў у бліжэйшыя месяцы. Мы спадзяемся, што гэта дазволіць ЕЗ хутчэй вырашыць праблему».

Паводле плану Еўракамісіі, Брусель на кожнага мігранта выдзеліць € 6 тыс. Разглядаецца перанакіраванне цягам бліжэйшага часу ажно каля 160 тыс. мігрантаў з Грэцыі ды Італіі ў іншыя краіны аб’яднанай Еўропы. У межах гэтага рашэння сёння з Рыму ў Стакгольм вылецеў першы самалёт з уцекачамі.

ЖАН АСЭЛЬБОРН, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ЛЮКСЕМБУРГУ:«Гэта ўсяго толькі 19 чалавек, але гэта сімвал, што Еўропа можа справіцца з гэтай праблемай. І мы робім усё магчымае, каб палепшыць умовы людзей, вырашыць іх праблемы, гэта наша галоўная задача. Так што брава Італія і Швецыя».

У межах барацьбы з міграцыйным крызісам ЕЗ мае намер павялічыць дапамогу ўцекачам, якія знаходзяцца ў Ліване, Іярданіі, Іраку і самой Сірыі. Акрамя гэтага аб’яднаная Еўропа разлічвае і на цесную сувязь з дзяржавамі, якія не ўваходзяць у Еўразвяз. Перадусім з Балканскімі краінамі, у тым ліку Турцыяй.

ФРАНК-ВАЛЬТЭР ШТАЙНМАЕР, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ НЯМЕЧЧЫНЫ:«Турцыя з’яўляецца ключавой краінай, калі гаворка ідзе пра міграцыю. І мы не можам вырашыць праблему без пашырэння супрацы паміж Турцыяй і Еўрапейскім Звязам».

Яшчэ адзін бок праблемы – нелегальная і эканамічная міграцыя. Брусель мае намер узмацніць мяжу, а таксама распрацаваны меры па вяртанні нелегальных мігрантаў на радзіму. Чакаецца, што больш за 400 тыс. чалавек, якія прыбылі ў Еўропу і не атрымалі тут статуса ўцекача, будуць дэпартаваныя.

ФЭДЭРЫКА МАГЕРЫНІ, КІРАЎНІЦА ЕЎРАПЕЙСКАЙ ДЫПЛАМАТЫІ:«Павышэнне верагоднасці вяртання павінна дзейнічаць у якасці стрымліваючага фактару для нелегальнай міграцыі. Зацверджана магчымасць «утрымання пад вартай» для тых, хто можа распачаць уцёкі перад дэпартацыяй».

Акрамя гэтага Еўразвяз распачынае і ваенна-марскую аперацыю ў Міжземным моры для супрацьдзеяння нелегальнай перавозцы мігрантаў. Крызіс уцекачоў, што бударажыць Еўропу апошні год – самы вялікі з моманту Другой сусветнай вайны.СС, «Белсат»[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]