На колькі Гітлер апярэдзіў Сталіна, напаўшы на СССР?

Гэта была вайна, «дзе ўсе змагаліся супраць усіх». Так Другую сусветную на тэрыторыі Беларусі называе беларускі гісторык, прафесар Яўген Мірановіч. Змагаўся і аўтар кнігі «Мы той час не абіралі», афіцэр танкавага батальёну вермахту Гайнц Ота Фаўстэн, які ступіў на беларускую зямлю раніцаю 22 чэрвеня 1941 года, атрымаўшы ад свайго кіраўніцтва загад «абараняць Айчыну». Мы запісалі сенсацыйныя ўспаміны нямецкага ветэрана ў 2011 г. Цяпер знайшлі відэа ў архіве і папрасілі гісторыкаў пракаментаваць іх.

Савецкая прапаганда казала пра вераломны напад нямецкіх войскаў улетку 1941-га. Сведчанні нямецкіх жаўнераў кажуць пра тое, што іх папярэджвалі пра напад Чырвонай арміі ды яны нібыта рэагавалі прэвентыўна. Афіцэр танкавага батальёну вермахту Гайнц Ота Фаўстэн у сваіх успамінах «Мы той час не абіралі» згадвае, што позна ўвечары 21 чэрвеня 1941 года яго выклікалі ў штаб, дзе паведамілі: заўтра пачынаецца вайсковая аперацыя «Барбароса». Мэта аперацыі, як адзначылі ў штабе вермахту, – «прымусіць ворага адмовіцца ад сваіх агрэсіўных планаў». Наш карэспандэнт Алесь Сіліч некалькі гадоў таму запісаў сведчанні нямецкага ветэрана.

Распавядае Гайнц Ота Фаўстэн, ветэран вермахту:

«Нас увесь час пераконвалі, што мы абараняем нашую радзіму ад Савецкага Саюзу. І калі б мы не ўвайшлі з войскамі ў СССР, казалі нам, то ён напаў бы на Еўропу».

Апраўданне ўласных дзеянняў ці гісторыя, якую ў нас замоўчваюць?

Каментуе гісторык з Горадні, прафесар Алесь Смалянчук:

«Вайна была міфалагізаваная, міфалагізацыя пачалася фактычна з апошнім стрэлам гэтай вайны. Пачынаецца ўсё з міфу пра нечаканы ўдар нямецкіх войскаў. Які можа быць нечаканы ўдар, калі 2-мільённая армія стаяла на мяжы Савецкага Саюзу? І што, не чакалі гэтага ўдару? Немцы папросту апярэдзілі».

Каментуе расейскі гісторык Марк Салонін:

«Пытанне, якое задаюць гісторыкі сёння: Гітлер апярэдзіў Сталіна на некалькі дзён ці на некалькі тыдняў?»

Абедзве арміі фактычна былі ў гэтак званым стане стратэгічнага разгортвання і рыхтаваліся да нападу.

Працягвае беларускі гісторык Алесь Смалянчук:

«Некалькі гадоў таму расейскія даследчыкі знайшлі рассакрэчаныя планы аперацыі «Навальніца», ён прадугледжваў удар па нацысцкай Нямеччыне з двух браняваных кулакоў: Беласток – Горадня і Львоў. Менавіта таму ў раёне Беластоку і Горадні была велізарная маса танкавай тэхнікі ды сканцэнтраваныя 3-яя і 10-ая арміі. Фактычна арміі падвоенага складу. І тое самае ў раёне Львова».

Першы агучыў планы Сталіна пра напад на нацысцкую Нямеччыну былы працаўнік ГРУ (Галоўнае выведнае кіраўніцтва Генеральнага штабу СССР) Віктар Сувораў. Менавіта ён у сваіх кнігах даводзіць, што мэтаю Сталіна быў захоп еўрапейскіх краінаў і распаўсюд пралетарскай рэвалюцыі. Такога меркавання прытрымліваецца і расейскі незалежны гісторык Марк Салонін, які даследуе першыя тыдні нямецка-савецкай вайны. Шукаючы адказ на пытанне, чаму імперыя Сталіна, якая гадамі рыхтавалася да вайны, зазнала такія вялізныя страты ўлетку 1941-га.

Распавядае Марк Салонін:

«Немцы наступалі настолькі імкліва, наколькі дазвалялі іхныя тэхнічныя і транспартавыя магчымасці. А Чырвоная армія цягам першых тыдняў, а нават дзён развалілася ці нават рассыпалася. І пераўтварылася ва ўзброены натоўп, які цягам наступных тыдняў стаў абяззброенаю калонаю ваеннапалонных».

Як Сталін дапамог Гітлеру пачаць вайну

Па нямецкіх падліках толькі за 1941 год у палон трапілі амаль 4 мільёны чалавек. І пытанне тут не ў адсутнасці ваеннага генія ў савецкага камандавання, а ў маральным стане арміі ды сацыяльна-палітычных умовах савецкай дзяржавы. Армія рабоў, лічыць даследнік, ваюе кепска. У шэраг савецкіх міфаў можам упісаць і гераічную абарону Берасцейскай крэпасці?

Гаворыць прафесар Алесь Смалянчук:

«Аддаць заслугу трэба вядомаму савецкаму пісьменніку Смірнову, які фактычна ў 1960-ыя гады выцягнуў гісторыю Берасця. Бо ён спрабаваў рэабілітаваць абаронцаў Берасцейскай крэпасці і каго пазней арыштавалі ды асудзілі як здраднікаў, бо правялі вайну ў нямецкіх лагерах. І гэты працэс рэабілітацыі дапамог стварыць прыгожы савецкі міф пра гераічную абарону Берасцейскай крэпасці».

Для прапаганды можна было выкарыстаць працяглыя эпізоды абароны асобных фартоў умацавання. Але, паводле планаў савецкага камандавання, у выпадку актыўных баявых дзеянняў вайсковыя злучэнні мусілі пакінуць тэрыторыю крэпасці і заняць абарону, гаворыць берасцейскі краязнаўца Іван Чайчыц:

«У Берасцейскай крэпасці на чэрвень 1941 года былі дзве стралковыя дывізіі, памежнікі, 132-і асобны канвойны батальён войскаў НКВД. У прадмесцях гораду стаяла 22-ая танкавая дывізія. Пружаны, Кобрын, Жабінка – паўсюль стаялі вайсковыя часткі. Навошта канцэнтраваць такую вайсковую магутнасць на новай мяжы? Складана сказаць».

Чарговы міф, які мусуецца ідэалогіяй: Беларусь – партызанскі край. Казаць, што Беларусь была партызанскаю рэспублікаю, – паўтараць савецкі міф. Казаць, што была паліцэйская рэспубліка, – ствараць нейкі іншы міф.

Працягвае прафесар Алесь Смалянчук:

«Вельмі важная старонка гісторыі, пра якую маўчаць тыя ж працаўнікі Інстытуту гісторыі Акадэміі навук. У 1943 годзе пачаўся масавы пераход паліцэйскіх фармаванняў, паліцаяў асобна ў партызаны, калі назіраўся пералом у вайне і была абвешчаная амністыя».

Таму нават у пытанні партызанскага руху не ўсё так адназначна.

Марк Салонін, гісторык, Расея:

«Партызанскі рух – гэта не тая статуя, якая стаіць на станцыі метро «Беларуская» ў Маскве, а гэта вельмі цяжкая і крывавая гісторыя пра дзейнасць карніцка-дыверсійных групаў НКВД, якія тэрарызавалі мясцовае насельніцтва. І ўцягвалі яго ў жахлівую вайну на знішчэнне».

Пра тое, што пачынаецца, а дакладней набірае абароты самая крывавая ў гісторыі вайна, нямецкі афіцэр Гайнц Ота Фаўстэн здагадаўся ў першыя ж дні, але не ісці ў бой, скласці зброю, як ён кажа, не мог.

Гайнц Ота Фаўстэн, ветэран вермахту:

«Я быў салдатам. І калі б я не выканаў загаду, то мяне б аддалі пад ваенны трыбунал. У той час гэта азначала застацца без галавы».

Сваё ваеннае мінулае ветэран вермахту згадвае са шкадаваннем і пакаяннем.

«Той факт, што ў тую вайну загінула столькі нявінных людзей, выклікае спагаду і моцнае пачуццё віны».

Гайнц падкрэслівае, што ніколі не быў чальцом Нацыянал-сацыялістычнай партыі, не забіў ніводнага мірнага жыхара і ніколі не браў удзелу ў карных аперацыях. А калі яму загадалі расстраляць трох партызанаў у 1943 годзе, адмовіўся. Пасля вайны скончыў Бонскі ўніверсітэт, амаль паўстагоддзя адпрацаваў настаўнікам мастацтва.

Ветэран вермахту Гайнц Ота Фаўстэн:

«Як былы службовец я атрымліваю нядрэнную пенсію. Плюс надбаўка памерам € 600 штомесяц як інваліду вайны».

У Беларусі ветэраны таксама атрымліваць надбаўку…Br 240. Пазбаўляцца міфаў балюча, але гэта прыкмета свабоднага грамадства, якое ўрэшце перамагло таталітарызм.

Алесь Сіліч і Наста Ільіна, belsat.eu

 

 

Больш матэрыялаў

Лукашэнка пачаў гандаль палітвязнямі. «ПраCвет» з Сяргеем Пелясою

Супраць рэжыму Лукашэнкі будуць эканамічныя санкцыі. «ПраСвет» з Алінаю Коўшык

Ці Расеі патрэбны Еўразвяз для перамоваў па Беларусі? «ПраСвет» з Сяргеям Пелясою

Ці звязаныя рэвалюцыя ў Беларусі з вайной у Карабаху. «ПраСвет» з Алінаю Коўшык

Крэмль у Беларусі рыхтуецца да вялікай вайны. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою

Паўзучая ваенная анексія Беларусі. «ПраСвет» з Алінаю Коўшык

У чым сіла Святланы Ціханоўскай? «Прасвет» з Сяргеем Пелясою

Прымусіць беларусаў да інтэграцыі. Што Лукашэнка і Пуцін хочуць змяніць у Канстытуцыі?