«Мы гатовыя да ўсяго». Чаго чакаюць блогеры ад плошчы Свабоды 8 лістапада?


Як толькі блогер NEXTA прапанаваў сустрэцца на плошчы Свабоды, адразу на гэты дзень, пятніцу, 8 лістапада, іншаму блогеру Аляксандру Кабанаву прыйшла позва з міліцыі. Супадзенне? Яшчэ раней пасыпалася новая порцыя пагрозаў на адрас аўтара «Рудабельскай паказухі» Андрэя Павука. Зазнаюць ціск і іншыя YouTube-блогеры.

Пра падрабязнасці распытаем блогера Мікалая Маслоўскага:

– Спадар Мікалай, ці сапраўды ўлады спужаліся сустрэчы, запланаванай на 8 лістапада, ці ўсё ж гэта супадзенні?

– Калі ты працуеш блогерам, працуеш на YouTube, ты павінен быць гатовы да ўсяго. А ўлічваючы, што я кандыдат у дэпутаты, усё праходзіць як у краіне для жыцця… Пісаў Сяргей Пятрухін, што не можа забраць веласіпед: каля яго стаяць двое ў цывільным. Сяргею шмат тэлефанавалі, магчыма, таксам хацелі даць павестку, каб і Сяргей пайшоў у міліцыю. Пісаў Шэры Кот – блогер Дзмітрый Казлоўскі, – што да яго прыйшоў участковы: Як жывеш? Дзе працуеш? Якія інтарэсы? Калі заўважыш шмат людзей, то ты нам патэлефануй… Павел Спірын – я шмат разоў тэлефанаваў яму, пісаў – ён знік. Мы не ведаем, што з ім адбываецца. Спадзяюся, з ім усё добра. За мною пастаянна ходзяць людзі ў цывільным…

– Наколькі верагодны сцэнар, што ўлады, сілавікі, могуць сарваць гэтае мерапрыемства?

– Можа апынуцца так, што заўтра на гэтым месцы, дзе я буду праводзіць пікет як кандыдат у дэпутаты, БРСМ зладзіць нейкае свята ў гонар 8 лістапада, ці прыедуць нейкія трактары і пачнуць змяняць асфальт – усё можа быць, бо гэта плошча Свабоды. Мы падрыхтаваныя да ўсяго…

Віталь Бабін belsat.eu

Калаж з фота Дзяніса Дзюбы, belsat.eu