Мужчына дапамог ДАІ злавіць парушальнікаў і сам атрымаў штраф

Гэтым разам здымачная група «Маю права» выправілася ў Ельск, каб сустрэцца з Пятром Неўмяржыцкім. Спадар Пётр мае групу інваліднасці. Летась увесну ён разам з жонкаю паехаў у адну з мясцовых крамаў.

«Пад’язджаю я да паркоўкі, пазначанай як месца для асобаў з інваліднасцю, – усе месцы занятыя. Яны і цяпер занятыя. Хоць ёсць вольныя месцы, людзі чамусьці паркуюцца на месцах, вызначаных для асобаў з інваліднасцю», – распавядае спадар Неўмяржыцкі.

Тады наш герой выклікаў прадстаўнікоў Ельскай ДАІ.

«Капітан міліцыі папрасіў мяне пад’ехаць на паркоўку. Ён пачаў з імі [парушальнікамі] разбірацца. Праз хвілінаў 20 ён падышоў да мяне і пажадаў добрай дарогі», – узгадвае Пётр.

Аднак праз пару дзён да спадара Пятра завітаў начальнік мясцовай аўтаінспекцыі.

«Папрасіў сесці ў машыну. Я сеў, ён дастаў відэакамеру, замацаваў яе на шыбе і сказаў: «Я заяўляю адміністратыўны працэс у дачыненні вас, вы парушылі Правілы дарожнага руху», – кажа мужчына.

Праблемныя аўты. Людзі губляюць грошы праз няўважлівасць ДАІ

Справу з Ельску накіравалі ў Дзяржаўтаінспекцыю Маскоўскага раёну сталіцы. Спадар Пётр распавядае, што ўжо быў складзены пратакол, у якім было пазначана, што ён аштрафаваны за парушэнне Правілаў дарожнага руху. Штраф выпісалі за тое, што Неўмяржыцкі быццам бы перашкаджаў руху іншых транспартавых сродкаў. Ён з гэтым не пагадзіўся і звярнуўся ў суд. Суд Маскоўскага раёну Менску вынес пастанову не ягоную карысць. Далей быў гарадскі суд.

«Чаму мяне не апраўдалі? Я аказваў дапамогу прадстаўнікам ДАІ, я затрымаў парушальнікаў Правілаў дарожнага руху. Адзін з іх, былы міліцыянт, зараз ездзіць на аўтамабіль без знакаў дзяржаўнай рэгістрацыі», – абураецца спадар Неўмяржыцкі.

Каб праясніць сітуацыю, мы патэлефанавалі старэйшаму дзяржаўтаінспектару аддзялення ДАІ Ельску, Дзмітрыю Гузоўскаму. Гузоўскі адправіў нашага карэспандэнта ў ДАІ праўлення ўнутраных справаў Гомельскага аблвыканкаму, дзе нам адмовілі ў каментары.

Памылка ДАІ, якая дорага каштавала. Ахвяра ДТЗ змагаецца за кампенсацыю

Адвакат Сцяпан Данілевіч лічыць, што суд парушыў правы ягонага падабароннага на кампетэнтную і незалежную судовую абарону:

«Прадстаўленыя намі аргументаваныя довады аб правамоцнасці дзеянняў Пятра Неўмяржыцкага не былі прынятыя да ўвагі. Рашэнні старшыні Вярхоўнага Суда, парушыўшы патрабаванні Працэсуальна-адміністратыўнага кодэксу, не ўтрымліваюць довадаў скаргі і патрабаванняў заяўніка».

Старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала палічыў адміністратыўнае правапарушэнне малазначным і скасаваў штраф Пятру Неўмяржыцкаму. Аднак апраўдальнага прысуду так і не вынес.

«Больш звяртацца няма куды. Вярхоўны Суд вынес сваю пастанову. На наступную скаргу ён адказаў адмоваю. Далей – толькі да Бога. Больш няма куды скардзіцца», – сказаў нам на развітанне Пётр Неўмяржыцкі.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Чыноўнікі загадалі пенсіянеру знесці пляцоўку для адпачынку
  • Па старых адрасах. Паставы. Што змянілася пасля прыезду «Белсату»
  • Шматдзетныя сем’і не маглі дамагчыся рэгістрацыі

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Больш матэрыялаў

У Наваградку міліцыянты шукалі лялькавода – знайшлі музей

Цырульніца страціла кліентаў-міліцыянтаў

Дзяржаўныя гангстары нападаюць на ўдзельнікаў Лігі студэнцкіх аб’яднанняў

Ахоўнік СІЗА сказаў: «Ты палітычны, ты тут здохнеш!»

Нагавіцы – рэальная прычына затрымання гарадзенкі Любові Сарлай

2 гады калоніі далі хлопцу з ментальнаю хваробаю за нібыта кінуты камень у бок сілавікоў

Раман і Ганна – гісторыя шлюбу ў Берасцейскім следчым ізалятары

Дзевяць сілавікоў напалі на адну пенсіянерку