Белсат едзе Мсціслаў, у якім «ёсць толькі помнікі». «Белсат едзе»


Белсат едзе па Мсціслаўшчыне і дабраўся да сэрца рэгіёну – Мсціслава. Гэты горад улады планавалі зрабіць турыстычным цэнтрам Беларусі. Што з гэтага атрымалася – паехала спраўдзіць нашая здымачная група.

Безумоўна, Мсціслаў – гэта ўнікальныя месца: Замкавая гара, дзе знайшлі берасцяныя граматы, маецца раскоп старадаўняга паселішча, літаральна тыдзень таму адбыўся рыцарскі фэст; унікальныя касцёлы, злучаныя сістэмай падземных хадоў, будынкі самых розных стыляў архітэктуры.

Тут павінны быць тысячы турыстаў, ёсць патэнцыял. Але, калі зазіраеш за фасады падмаляваных будынкаў, аптымізм знікае: у былым езуіцкім касцёле Святога Міхаіла Арханёла абваліўся дах і сцяна, помнік архітэктуры 17 стагоддзя пад пагрозай абвалу, стаіць завешаны каляровым банерам. Кармеліцкі касцёл Унебаўзяцця Панны Марыі мае на мурах унікальныя батальныя фрэскі, драўляныя аздобы, гэта помнік архітэктуры 17 стагоддзя, ягоны стан плачэўны, а будаўнічыя лясы стаяць усярэдзіне дзесяцігоддзямі.

Засталася ў горадзе адзіная гасцініца, у якой капітальнага рамонту не рабілі амаль 40 гадоў. Нашая здымачная група пераночыла ў гэтай гасцініцы: ці захочуць у такія ўмовы вярнуцца турысты?

Галасы жыхароў поўныя роспачы, бо заробкі складаюць, паводле іх словаў, 200-300 рублёў, працаздольнае насельніцтва выязджае ў Расею, прадпрыемствы зачыняюцца, улады не слухаюць людзей. Не змянілі кардынальна жыццё ў горадзе і «Дажынкі» 2016-га году. Пад прыгожым фасадам хаваецца бездань праблемаў…

Сяргей Падсасонны, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары