«Можна параўнаць з таксічнай бомбай». Небяспека пад носам у менчукоў

З эканамічнага гледзішча смеццевыя палігоны выгадныя дзяржаве – гэта самы танны спосаб абыходжання з адкідамі. Закапаў і забыўся. Іншая рэч, што для будучага жыцця гэта непрымальная нядбайнасць. Адкіды побач з вялікім горадам падобныя да хімічнай бомбы, але чым бліжэйшы сметнік да гораду, тым ён выгаднейшы.

Штодня на завод «Спецкамунаўтатранс», прывозяць 120–140 тонаў смецця. Але толькі 12 адсоткаў адкідаў, якія прыбылі на завод, атрымліваюць другое жыццё. 88 адсоткаў хаваюць на палігоне «Трасцянецкі». Цяпер гэта адзіныя дзейныя могілкі для адкідаў паблізу сталіцы. Усяго за тры кіламетры ад «Трасцянецкага» месціцца мікрараён Сосны.

«Кватэры не адкрываем, зачыняем дзверы, вокны. Нават на прыпынку абмяркоўваюць мясцовыя жыхары: вось сёння пах ёсць, а сёння – няма», – кажа Людміла, якая жыве ў Соснах.

Улады будуюць звалкі замест перапрацоўкі смецця – нават калі на гэта ёсць грошы

Жыццё побач з палігонам – гэта не толькі непрыемныя пахі, а яшчэ і небяспека для здароўя і асяроддзя. Вялізныя пласты адкідаў, якія раскладаюцца, выдзяляюць патэнцыйна небяспечныя рэчывы і выпрацоўваюць звалачны газ, кампаненты якога выклікаюць парніковы эфект у атмасферы.

«Пры гніенне адкідаў, пры раскладанні адкідаў утвараецца вельмі таксічная вадкасць. Яна называецца фільтрат. Там утрымліваецца цэлы спектр розных таксічных злучэнняў. Гэта і цяжкія металы, і рэчывы, здольныя разбурыць нашу імунную сістэму, нашу эндакрынную сістэму», – распавядае Наталля Блышчык, спецыялістка па адкідах і хімічнай бяспецы Цэнтру экалагічных рашэнняў.

Сучасныя палігоны павінны быць абсталяваныя адмысловымі ахоўнымі збудаваннямі, якія мінімізуюць шкоду ад раскладання адкідаў для здароўя чалавека і атмасферы. Але ў Беларусі існуе шэраг старых палігонаў, пры будаўніцтве якіх новыя тэхналогіі яшчэ не выкарыстоўваліся. Нягледзячы на тое, што старыя палігоны ўжо не працуюць, яны да гэтага часу могуць наносіць шкоду людзям.

«Калі фільтрат трапляе ў грунтовыя воды, то гэтыя злучэнні могуць пераносіцца на вялікія адлегласці. Цяпер гэта назіраецца ля палігону «Паўночны», які быў зачынены некалькі гадоў таму. Але падцяканне ў грунтавыя воды там назіраецца», – кажа Наталля Блышчык.

Турыстаў з Малайзіі завезлі на сметнік пад Менскам

Таксіны, якія праточваюцца ў грунтавыя воды, дзейнічаюць на арганізм чалавека як яд, атручваючы органы. Акрамя эндакрыннай сістэмы пакутуе шчытападобная залоза. Некаторыя злучэнні прыводзяць нават да бясплоднасці. Калі будаваліся старыя палігоны, пра такую простую рэч, як асобны збор смецця, мала хто ведаў. Таму ніжнія пласты палігонаў можна параўнаць з таксічнай бомбай, дзе ртуць пахаваная побач з батарэйкамі. І ўсё гэта – паблізу двухмільённага гораду.

«Размяшчэнне звалак абумоўлена эканамічнымі меркаваннямі. Самае дарагое ў абыходжанні з адкідамі, смеццем – гэта яго перавезці. То бок чым бліжэй да гораду, тым танней будзе абыходзіцца сістэма абыходжання з адкідамі», – тлумачыць Наталля Блышчык.

Шлях да палігону «Трасцянецкі» вядзе праз мікрараён Сосны. З-за непрыемнага суседства мясцовым жыхарам штодня даводзіцца сустракаць на сваім шляху сотні гружаных смеццем машынаў.

«Я не ведаю, чаму не зрабілі абход дзесьці ў раёне Трасцянца. А менавіта праз мост, робяць вялікі прамежак, глядзіце – яны ідуць адзін за адным!» – скардзіцца Лідзія, жыхарка Сосен.

https://belsat.eu/news/u-belaruskih-kavyarnyah-zabaranili-vykarystouvats-adnarazovy-plastykavy-posud/

Палігоны, акрамя таго, што наносяць шкоду здароўю чалавека і атмасферы, займаюць вялізныя плошчы, якія і праз шмат-шмат гадоў будуць не прыдатныя для жыцця і вядзення сельскагаспадарчай дзейнасці. Калі мы адмовімся ад набыцця непатрэбных нам рэчаў, якія потым выкідаем у сметніцу, а таксама будзем сартаваць адкіды, то зэканомім не толькі свае грошы, але і сродкі будучых пакаленняў.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Ці заменяць аўталаўкі вясковыя крамы?
  • Каму пашчасціла ў 2019 годзе?
  • Колькі зарабляюць беларусы ў рэгіёнах?

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашурассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Больш матэрыялаў

У Беларусі патрэбны цэнтр для крызісных сітуацыяў

«Беларусь паступова ператворыцца ў Прыднястроўе». Што выратуе эканоміку?

Колькі плацяць беларусы за міліцэйскі гвалт?


Грошы скончыліся. Як выжыць без іх?

«Каму гэтая інфармацыя што дасць?» Як ад беларусаў хаваюць сапраўдны маштаб эпідэміі

Грошы на чужой бядзе. Хто нажываецца на эпідэміі?

Новая нармальнасць. Якой будзе Беларусь пасля пандэміі?

Каронакрызіс. Параўналі дзяржаўную дапамогу ў Беларусі ды іншых краінах