Міліцыя не адрознівае пешаходаў ад кіроўцаў?


Пры канцы мінулага года жыхар Целяханаў Аляксандр Іваноў сабраў з металалому новы транспарт. Але неўзабаве бацька семярых дзяцей трапіў пад увагу Дзяржаўтаінспекцыі – калі ехаў па сваіх справах праз двор мясцовае школы.

«Інспектар ДАІ падбег, пачаў абурана запытваць, чаму я не спыняюся на іхныя патрабаванні. Я быў здзіўлены. Як не спыняюся?!», – распавядае Аляксандр.

На спадара Аляксандра склалі чатыры прадпісанні ды пратакол.

«Што я быў без моташлема, што мой транспартавы сродак незарэгістраваны, няма тэхагляду і не было пры сабе пасведчання кіроўцы. І таксама пратакол аб неспыненні», – пералічвае мужчына.

Складаць шматлікія скаргі ды заявы ў суд Аляксандру дапамагала жонка, спадарыня Людміла. Два суды адправілі справу спадара Іванова на дапрацоўванне. Толькі на трэцім – прагледзелі відэа з рэгістратара машыны ДАІ, і Аляксандру далі слова.

«Суддзя намагалася ставіць мне нейкія пытанні, але я вяртаў яе ўвесь час да аднаго: «Скажыце, калі ласка, на 8-й хвіліне 24-й секундзе запісу да мяне былі выстаўленыя неаднаразовыя патрабаванні аб спыненні. Пакажыце, калі ласка, дзе гэтыя патрабаванні? На відэа адсутнічае гук!», – скардзіцца Аляксандр.

Мы спыталі ў кіраўніка аддзелу ДАІ Івацэвіцкага РАУСу Васіля Жура, чаму запіс відэарэгістратара з машыны ДАІ – без гуку і ці можна яго апублікаваць.

«Навошта аддаваць грамадскасці, каб яны паласкалі нашых працаўнікоў? А гук у відэарэгістратары ўключаецца паводле заканадаўства. Ёсць адмысловы загад, калі ён павінен уключацца. А калі кіроўца едзе, тады гук уключаць не трэба. Там усё добра чуваць. Таму не будзем скажаць, я не жадаю даваць з гэтай нагоды ніякіх каментарыяў!», – скаментаваў нам Васіль Жур.

Суд Аляксандр Іваноў прайграў. Яўген Грачоў, юрыст ABW.BY, перакананы: запіс відэарэгістратара – асноўны доказ невінаватасці нашага героя. Трэба абскарджваць пастанову суда ў вышэйшых інстанцыях, бо паводле азначэння Аляксандр быў пешаходам.

«Калі мы кажам пра мапед, то мапед – транспартавы сродак з аб’ёмам рухавіка 50 кубічных сантыметраў. Значыць, гутарка ідзе аб рухавіку ўнутранага згарання, які мае аб’ём. Усе ж прыстасаванні: гіраскутары, электрасамакаты, электраколы – аб’ёму не маюць, у іх іншы прынцып работы – за кошт электрацягі. Адпаведна, вось такі існуе прававы вакуум», – тлумачыць юрыст.

Каб не штрафаваць пешахода за адсутнасць правоў, шлема і страхоўкі, працаўнікам ДАІ ўсё ж такі давялося ануляваць прадпісанні. А штраф за нявыкананае патрабавання аб спыненні сям’я Івановых ужо сплаціла, бо веры ў айчынную Фэміду амаль не засталося.

«Сутыкнуліся, што няма справядлівасці, няма судоў справядлівых, – кажа Людміла Іванова. – Вось ён дабіваўся, дабіваўся, спадзяваўся, спадзяваўся, ну і я ж спадзявалася…».

Ды і самаробную канструкцыю давялося разабраць…

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • У Акцябрскім не стае машынаў хуткай дапамогі
  • Беларусы – пра якасць медычных паслуг
  • Сям’я загінулага шукае праўды
  • У Фаніпалі камунальнікі не бяруць на баланс жылы дом

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.