Гарачы каментар Мікалайчык: Выбарнікі на ўчастках абдымаюцца з камісіяй: «Ой, Ваня, прыходзь на 50 грамаў»


Рэжысёрка Вольга Мікалайчык дзеліцца ў «Гарачым каментары» ўражаннямі ад назірання за сёлетнімі выбарамі.

Добры вечар, Вольга! Ці пасля чатырох дзён датэрміновага галасавання гэты вечар добры і для назіральніка?

Ён звычайны. У гэтым сэнсе ў нас мала чаго добрага цягам апошніх 20 гадоў, таму казаць пра нейкія прарывы не выпадае. Апроч, канешне, таго, што некаторыя апазіцыянеры патрапілі ў спісы кандыдатаў у дэпутаты – гэта адрознівае сёлетнюю кампанію ад папярэдніх выбараў. У астатнім – усё як заўжды.

А якія парушэнні вы зафіксавалі або пра якія парушэнні чулі ад іншых назіральнікаў? Што адбываецца ў гэтую кампанію?

На дзіва, на маім участку ўсё ідзе без канфліктаў. Участак у мяне маленькі, правінцыйны – гэта гарадскі пасёлак Прывольны. Прыходзяць людзі, даюць пашпарты, і мне як рэжысёру цікава за гэтым назіраць, хоць я пакуль не ведаю, за каго яны галасуюць.

На маім участку няма навучальных установаў – і, адпаведна, прымусовага прыводу на галасаванне студэнтаў. За гэтым цікава было б назіраць – я гэта бачыла на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах у Менску.

Што тычацца парушэнняў, яны ёсць паўсюль. Назіральніца Наталля Басалыга-Гарачка сказала мне, што на яе ўчастку адбываецца «выбарчая карусель» (галасаванне аднаго выбарніка некалькі разоў. – Заўв. «Белсат») – прама нейкае «Супер 8». На маім участку я такога пакуль не бачыла.

Але наперадзе ў нас два самыя цяжкія дні – выходныя.

Вы кажаце, што не толькі назіраеце, але шмат размаўляеце з людзьмі. Што яны кажуць пра выбары?

Я як назіральнік не маю права ўступаць у кантакт з выбарцамі. Але я чую, як яны часам кажуць: «Я буду за гэтага» або «Я буду за таго». Маладыя галасуюць за больш маладых кандыдатаў, людзі ў сталым веку – за кандыдатаў у сталым веку, камуністы – за камуніста.

Моладзь зрэдку з’яўляецца на папярэднім галасаванні, прыходзяць збольшага пенсіянеркі. Ідзе пенсіянерка гэтак па малако ў краму, з цікаўнасці вырашыла зайсці на ўчастак, пытаецца ў камісіі: «А што гэта за людзі – за каго мы галасуем? Ну ладна, прагаласую».

Усё збольшага апатычна і дэпрэсіўна, магчыма на выходных будзе весялей. Участак месціцца ў Доме культуры, дзе знаходзіцца легендарны клуб, у якім Сяргей Міхалок і «Ляпісы» пачыналі сваю творчую дзейнасць.

На выбарчым участку ў выходныя пачне працу буфет, там накрываецца цэлая паляна, будуць нізкія кошты. І для мясцовых, якія ведаюць адзін аднаго па 50 гадоў, сапраўды, сабрацца разам – вельмі важна. Камісія не мае права размаўляць з выбарнікамі, а яны прыходзяць: «Ой, Маня! Ой, Ваня! Як там карова? Як агуркі? Як грыбкі? Прыходзь на 50 грамаў» і ўсё такое.

Як я іх раздыму або зафіксую парушэнне? Праз тое, што яны абдымаюцца? Дык яны жывуць разам 50 гадоў!

Глядзіце поўную размову Сяргея Падсасоннага з рэжысёркай Вольгай Мікалайчык у відэаматэрыяле.

Глядзі таксама
Каментары