Міхал Анемпадыстаў распавёў у Беларусі пра беларускія колеры


Якога колеру Беларусь, а якім зіхаціць у беларускай кароне Горадня? У гарадзенскім асяродку гарадскога жыцця «У цэнтры» адкрылася выстава Міхала Анемпадыстава, даследніка колераў у гісторыі беларускай культуры, дызайнера і аўтара «Народнага Альбому». Экспазіцыя мае назву «Колер Беларусі».

Аўтар прызнаецца, што назва хавае інтрыгу:

«Я хацеў заінтрыгаваць гледача, каб той думаў, што прыйдзе на выставу, і там будзе такі гатовы адказ, што вось гэта – колер Беларусі. А тут насамрэч – сапраўды колеры, і розныя, таму што не можа быць нейкага аднаго колеру ў краіне, нават у якасці сімвалу».

Аўтар выставы, мастак, прапануе нам пабачыць колер Беларусі з дапамогаю блізу 80 выяваў-вобразаў. Насамрэч уразбіўку творы губляюць закладзены ў іх глабальны сэнс, і толькі агульная карціна паказвае адзіны колер Беларусі.

Адназначнага адказу, якога ж колеру Беларусь, як і бывае ў мастацтве, няма. Але, углядаючыся ў фота, можна дакладней пабачыць тое, што нас атачае штодня, што дае радасць і спакой, нават калі мы гэтага не ўсведамляем.

Некаторыя выявы на здымках Міхала Анемпадыстава, як кажа сам аўтар, цікавыя нават не колерам і не гістарычнай каштоўнасцю – а адмысловым святлом:

«Напрыклад, Матка Боска Вастрабрамска і сама гэтая каплічка Вастрабрамская – для мяне тут важныя не як помнік архітэктуры, а вось з-за гэтага эфекту – калі памяшканне з абразам падсветленае, гэта ў прыцемках, і ён як бы сам выпраменьвае святло».

Экспазіцыя «Колер Беларусі» будзе працаваць у Горадні да канца траўня, а на заканчэнне аўтар плануе прэзентаваць сваю кнігу пра гісторыю колераў у Беларусі, праца над якой заканчваецца гэтымі днямі. Зладзілі выставу «Лятучы ўніверсітэт» і грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!» у межах Міжнароднага праекту для развіцця культурнай спадчыны «CHOICE».

Іншыя тэмы:

Першай беларускай суполцы Магілёва – 100 гадоў.

Гомельцы «вадзілі стралу» на гарадскіх скрыжаваннях.

У Віцебску адбылося блізкае знаёмства з беларускім плакатам і яго слаўнай гісторыяй.

Глядзіце таксама:

Вольга Гардзейчык, belsat.eu