Менскае «Тарпеда» спыніла існаванне


На беларускім футбольным небасхіле згасла яскравая зорка. Менскае «Тарпеда» – адзін з найстарэйшых клубаў нашае краіны, заснаваны яшчэ ў 1947 годзе, – паведаміла федэрацыі футболу пра тое, што здымаецца з гульняў Вышэйшай лігі. Прычына банальная і для Беларусі апошнім часам тыповая – няма грошай.

Дзмітрый Герчыкаў, намеснік дырэктара дэпартаменту камунікацыяў АБФФ:

«У лісце гаворыцца пра тое, што клуб добраахвотна жадае зняцца з гульняў чэмпіянату Беларусі па футболе з прычыны фінансавых праблемаў. Адпаведна, цяпер мы кіруемся дзеяннямі пункту 3.16 рэгламенту, дзе пазначаецца, што ў падобным выпадку мусіць сабрацца выканкам АБФФ, абмеркаваць гэта і вынесці рашэнне аб далейшым лёсе клубу».

Зрэшты, рашэнне выканкаму выглядае фармальнасцю. Відавочна, што клуб ужо разбураны: усе ключавыя гульцы яго пакінулі, а ў аўторак працоўную кніжку забраў галоўны трэнер ПФК «Тарпеда» Уладзімір Нявінскі. Паводле словаў Уладзіміра Уладзіміравіча, перад пачаткам сезону ў камандзе ніхто не мог уявіць такога развіцця падзеяў:

«Кіраўніцтва выконвала тое, што абяцала. Заробак у час. Зборы таксама ў абмеркаваныя тэрміны. То бок не было перадумоваў для таго, каб усё скончылася настолькі сумна».

Пасля васьмі матчаў чэмпіянату «бела-чорныя» мелі ў актыве толькі адну перамогу і адну нічыю, забіўшы пры гэтым двойчы. З такою статыстыкай разлічваць нават на сярэдзіну табліцы не даводзілася. Чарговая параза – у дзявятым туры ад мазырскай «Славіі» – стала пераломным момантам. Менавіта пасля яе расейскі бізнесовец Міхаіл Міраненкаў спыніў фінансаванне каманды.

«25 траўня, пасля гульні ў Мазыры са «Славіяй», падышоў дырэктар і сказаў, што Міхаіл Міраненкаў даслаў SMS, што фінансаванне сканчаецца. Але таксама ў тэксце было ўказана, што калі сітуацыя выправіцца, то магчымыя варыянты. Што значыць сітуацыя выправіцца? Канкрэтыкі ніякай не было. Фінансаванне, на жаль, больш не паступала. І ўсё прыйшло да такога сумнага фіналу», – распавядае былы галоўны трэнер ПФК «Тарпеда».

У прэсе з’яўляліся розныя гіпотэзы наконт таго, якія ёсць магчымасці выратаваць клуб і даць яму шанец прынамсі дагуляць гэты сезон. Адным з найбольш верагодных варыянтаў выглядала фінансавая дапамога «Тарпеда» з боку федэрацыі. Аднак АБФФ не пайшла на такі крок.

Дзмітрый Герчыкаў, намеснік дырэктара дэпартаменту камунікацыяў АБФФ:

«Некалькі разоў ужо наш кіраўнік Уладзімір Базанаў адзначаў сваю пазіцыю адносна дапамогі клубам. Мы дапамагаем з інфраструктураю, з развіццём… Але ў нас не тая ўстанова, якая павінная дапамагаць клубам менавіта грашыма».

Свой апошні ва ўсіх сэнсах матч менскае «Тарпеда» правяло 3 жніўня на Барысаў-Арэне супраць БАТЭ. Гэта была 1/8 фіналу Кубка Беларусі. Такія ж лічбы – 8:1 – былі ўнесеныя і ў выніковы пратакол матчу. Барысаўцы не пакінулі маладым хлопцам, якія яшчэ заставаліся ў ростары паўмёртвага «Тарпеда», ніводнага шанцу.

Пасля той гульні Уладзімір Нявінскі сумна сказаў на прэс-канферэнцыі: «На жаль, мы свой шлях скончылі». У той жа час дырэктар клубу Андрэй Салангін у каментары для клубнай прэс-службы выказваў аптымізм, заявіўшы, што «Тарпеда» будзе жыць.

Былы галоўны трэнер ПФК «Тарпеда» Уладзімір Нявінскі:

«Дырэктар часам выдае жаданае за сапраўднае. Што ён меў на ўвазе – гэта трэба ў яго пытацца. Я на прэс-канферэнцыі сказаў, што гэтая гульня будзе апошняя, бо, паводле яго, спонсара няма, грошай няма. І далейшае існаванне немагчымае. Можа, у яго былі нейкія варыянты, але на ўзроўні размоваў».

Сапраўды, наконт таго, што «Тарпеда» будзе жыць, Андрэй Салангін усё ж памыліўся. 7 жніўня ён жа ў сваім звароце праз клубны сайт паведаміў наступнае:

«Гульцы і трэнеры працавалі напоўніцу і спрабавалі выправіць сітуацыю ў табліцы, а менеджмент клубу шукаў магчымасці палепшыць фінансавы стан. Працы ў гэтым кірунку было шмат, і яна вялася да апошняга дня. Мы спадзяваліся, што ўдасца знайсці людзей, якіх зацікавіць «Тарпеда» і якія захочуць, каб нашая гісторыя працягнулася. Але, на жаль, ні з кім дамовіцца не ўдалося».

Уладзімір Нявінскі, былы галоўны трэнер ПФК «Тарпеда»:

«Хацеў бы, вядома, знайсці працу, каб быць камусьці карысным. Таму адкрыты для прапановаў. Будзем разглядаць любыя варыянты».

Згодна з рэгламентам, усе іншыя клубы Вышэйшай лігі атрымаюць у другім коле чэмпіянату тэхнічныя перамогі над «аўтазаводцамі» з лікам 3:0. Сёння, 9 жніўня, «Тарпеда» мусіла праводзіць матч з «Іслаччу» – адзінаю камандай, якую здолела перамагчы ў першай частцы сезону. Цяпер «Іслач» узяла рэванш без барацьбы.

Дзяніс Ганчарэнка, belsat.eu