Масква ўжо мае кандыдата на месца Лукашэнкі?


У беларуска-расейскіх дачыненнях, ужо даўно не бясхмарных, запахла газам. На сустрэчы ў Санкт-Пецярбурзе Аляксандр Лукашэнка гэтак пасварыўся з Уладзімірам Пуціным падчас абмеркавання коштаў на энерганосьбіты, што быў вымушаны прасіць прабачэння. У кулуарах адразу ж адрэагавалі – жорсткая палеміка ўзнікла праз тое, што Маскве больш не патрэбны бяззменны прэзідэнт Беларусі.

Ці маюць расейскія ўлады свае планы на пасаду прэзідэнта Беларусі, чаму нас не ўратуе танны газ, і ці прынясуць плён ільняныя мары Лукашэнкі? Госці праграмы «Размова тыдня» са Святланаю Калінкінай – актывіст з Воршы Юрый Нагорны і эканаміст Леанід Злотнікаў – абмяркоўвалі найважнейшыя падзеі мінулага тыдня.

Газ за 70 долараў нам не дапаможа. Усё роўна будзе, як у Венесуэле?

«Братэрскія» дачыненні Беларусі ды Расеі не вытрымалі газавых спрэчак – дайшло да публічных выбачэнняў. Раней прылюдна Лукашэнка сабе такога не дазваляў. Што змянілася – хіба настолькі важна атрымаць зніжку на газ? Эксперт упэўнены, што зніжка краіну не ўратуе.

«У Венесуэле нафты – колькі хочаш. Там яна вельмі танная. І як жыве Венесуэла? Іншая грамадская сістэма, дзе не рынкавая эканоміка, а планавая, хаатычная, не вельмі эфектыўная. Так што будзе нам газ за 70, 270 ці 170 долараў – будзе тое самае, што ў Венесуэле. Не дапаможа, бо надта ж нашая эканоміка не эфектыўная», – выказаўся эканаміст Леанід Злотнікаў.

У Расеі ўжо гатовы чалавек на месца Лукашэнкі?

«Усё, Лукашэнка больш не будзе прэзідэнтам. Ён выступіў супраць Пуціна, і Пуцін яго не паставіць», – такое меркаванне можна пачуць сёння не толькі ад прыхільнікаў аб’яднання дзвюх краінаў, а таксама ад простых беларусаў, распавядае аршанскі актывіст Юрый Нагорны.

Юрый Нагорны

Але адна справа – народныя згадкі, а іншая – словы аналітыкаў. Ужо сёння відавочна, што Расея не будзе дапамагаць Лукашэнку развязваць эканамічныя праблемы напярэдадні выбараў. І нават калі сёння няма канкрэтнага чалавека, якога рыхтуюць на месца прэзідэнта Беларусі, такая асоба знойдзецца, упэўнены Леанід Злотнікаў.

Выдаткі Расеі: на беларусаў 1000 долараў, на расейцаў – 100

Згодна са звесткамі апытанняў, расейцы не супраць таго, каб іхная краіна эканамічна падтрымлівала Беларусь. Магчыма, меркаванне зменіцца, калі агучаць, пра якія лічбы ідзе гаворка.

«Калі федэральны бюджэт Расеі субсідуе рэгіянальныя бюджэты, на аднаго расейца выдаткоўваецца 100 долараў. Калі субсідуецца Беларусь, то атрымліваецца, што на аднаго беларуса выдаткоўваецца 1000 долараў. Агромністая розніца! І Расея не можа вытрымаць гэтага сама», – зазначыў эканаміст Леанід Злотнікаў.

Леанід Злотнікаў

Несумяшчальныя «гений и злодейство»? Несумяшчальны лён і калгасная сістэма!

Лукашэнка назваў лён «палітычнай культурай». Маўляў, стратэгічна важная расліна, якая прынясе рэальную эканамічную выгаду. Чаму ж людзі, якія сёння вырошчваюць лён, не вераць фантазіям кіраўніка дзяржавы?

«Нядаўна ў размове з адным навукоўцам, які вельмі прафесійны ў справах лёну, пытаўся, як ён лічыць, ці дасць лён вялікі прыбытак, ці дасць Аршанскі льнокамбінат у бюджэт тое, што даваў у Савецкім Саюзе (а гэта болей за 50 % гарадскога бюджэту)? А ён мне сказаў, што згадвае трагедыю Пушкіна «Моцарт і Сальеры»: «Гений и злодейство – две вещи несовместные». Дык вось, лён і калгасная сістэма таксама рэчы несумяшчальныя», – дадаў Юрый Нагорны.

Фота – Mikhail Metzel/TASS/Forum