Марына Золатава: Мяне вельмі расчуліла і ўзрушыла падтрымка журналісцкай супольнасці


Мы вяртаемся да сённяшняга пачатку судовага працэсу над галоўнай рэдактаркай парталу Tut.by Марынай Золатавай, якая з намі на відэасувязі з Менску:

«Сказаць, што мяне нешта здзівіла не магу, бо я была знаёмая з матэрыяламі справы і магла прыблізна чакаць, што скажуць сведкі. Але не магу не адзначыць тое, што мяне вельмі расчуліла, вельмі ўзрушыла тая падтрымка, якая сёння была. Я ведала, што да гэтай справы я ведала, што будзе прыцягнутая ўвага журналістаў, але тое, што я ўбачыла ў зале суда, такога я, па шчырасці, не чакала. Хачу падзякаваць журналісцкай супольнасці за такую падтрымку. […]

Я думаю, што справа расцягнецца на некалькі тыдняў, і які будзе вырак, я прагназаваць не бяруся. Пакуль суд толькі распачаўся, я не ведаю, што будзе адбывацца цягам бліжэйшых двух-трох тыдняў, але сапраўды атрымалася дзіўная сітуацыя, калі адзінай падсуднай засталася я, хто, уласна кажучы, не выкарыстоўваў гэтую падпіску БелТА, але я думаю, што мэта такой і была – каб Золатаву давесці да суда. […] Канешне, гэта ўдар па незалежных медыях. Я неаднойчы адзначала, што Інтэрнет пакуль што застаецца (спадзяюся) адзінай медыясферай па-за кантролем дзяржавы».

Ацэнку сітуацыі даў Андрэй Бастунец, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў:

«Допыты першых сведкаў паказалі тое, аб чым мы і так здагадваліся – аніякіх мераў па абароне пароляў БалТА не прадпрымала, не прадпрымалі гэтых мераў і кліенты арганізацыі. Мне падаецца, што гэта толькі падкрэслівае ўсю выцягнутасць гэтай справы са звычайнай грамадзянскай справы, у якой яшчэ невядома хто мусіў бы адказваць за тое, што здарылася, у крымінальную. Я лічу, што і сама «справа БелТА» ад самага пачатку не мусіла б мець крымінальнай перспектывы. На жаль, я бачу ў ёй першую чаргу не высвятленне нейкіх гаспадарчых адносінаў, якое ў грамадзянскім парадку мусіць адбывацца, а спробу ціску на свабоду выказвання».

Скаментаваў падзеі таксама Барыс Гарэцкі, прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў.

belsat.eu