Марозіва для гледачоў і стаўка на беларушчыну: як «Цмокі» папулярызуюць у Беларусі баскетбол


Старт новага сезону атрымаўся для «Цмокаў» супярэчлівым. З аднаго боку – упэўнены выступ на групавым этапе Еўракубка, з іншага – чорная паласа ў Лізе ВТБ. Але ж калісьці трэба перарываць і яе.

Чарговы супернік – «Енісей» – выглядаў для гэтага не найлепшым варыянтам. Краснаярскі клуб размяшчаецца блізка да лідараў турнірнай табліцы. Аднак «Цмокі», распачаўшы матч не надта ўпэўнена, у другой чвэрці выбухнулі і стварылі сабе камфортны адрыў.

Але скончылася ўсё сумна – госці паступова адрыў скарацілі, а напрыканцы – вырваліся наперад. «Цмокі» чарговы раз саступілі ў Лізе ВТБ з розніцай усяго некалькі пунктаў. 80:83.

Максім Лютыч, форвард БК «Цмокі» (Менск):

«Пару разоў былі спрэчныя мячы ў іхны бок. Яны выраўнялі гульню, злавілі кураж і на гэтым фоне выцягнулі канцоўку. У нас тры ці чатыры чалавекі селі за пяць фалоў, таму мы гулялі ў вельмі звужаным складзе. Гулялі шмат людзей, якія ў канцоўцы гуляць не павінны. Там павінны быць больш дасведчаныя людзі».

Трэнеры ж намякалі на недастаткова якасную працу суддзяў. Пра гэта ўскосна сказаў на прэс-канферэнцыі і галоўны трэнер Расціслаў Вяргун, і – на нашу камеру – яго асістэнт Эдмундс Валейка.

Эдмундс Валейка,асістэнт трэнера БК «Цмокі» (Менск):

«Справядлівасць была недзе ў іншым месцы. Хай нехта іншы глядзіць гэтую гульню (асабліва апошнюю чвэрць) і прымае нейкія рашэнні».

Нягледзячы на цяжкасці, з якімі сутыкнуліся «Цмокі» на пачатку сезону, заўзятараў на трыбунах не бракуе. Хтосьці з іх прыходзіць на матчы рэгулярна, а нехта завітаў упершыню. Але ўсе аднолькава вераць у каманду.

Заўзятары БК «Цмокі» (Менск):

«Ну, напэўна, пакуль не шанцуе, хаця гуляюць яны класна. Сёлета нашмат лепей».

«Мне здаецца, Ліга ВТБ – даволі сур’ёзны турнір, дзе вялікія грошы. Сёлета «Цмокі» зрабілі шмат чаго. Гульня наладжваецца. Думаю, у хлопцаў усё наперадзе».

«Не хапае, магчыма, нейкіх дробязяў. Сёння хлопцы вельмі няблага выглядаюць, нават з «Енісеем», які ідзе на чацвёртым месцы».

«Мне падабаецца, атмасфера, эмоцыі зашкальваюць. Я тут першы раз, у мяне ўражанні толькі станоўчыя».

У Лізе ВТБ наступным супернікам «Цмокаў» будуць падмаскоўныя «Хімкі». Гэта – лідар турнірнай табліцы, які пакуль мае выдатную статыстыку: сем перамог за сем матчаў. Наш клуб згуляе з «Хімкамі»на выездзе 24 лістапада.

А ў найбліжэйшую сераду будзе візіт да ўкраінскага «Дняпра» ў межах Еўракубка. У гэтым турніры ў менскай каманды пакуль усё файна, яна займае ў сваёй групе першае месца.

А пра тое, як «Цмокі» завабліваюць на трыбуны гледачоў і чаму падчас працы з аўдыторыяй робяць стаўку на беларускую мову, мы паразмаўлялі з адмыслоўцам клубу для сувязяў з грамадскасцю Аляксандрам Казловым.

– Як у нашай краіне, дзе дамінуюць футбол і хакей, зрабіць цікавым таксама баскетбол? Як гэта робяць «Цмокі»?

– Баскетбол – гэта файнае відовішча, як мінімум. Людзі прыходзяць яго глядзець незалежна ад таго, ці ёсць у Менску хакей альбо футбол. Таксама мы стараемся, працуем з нашымі заўзятарамі. Нядаўна мы бясплатна раздавалі на матчы марозіва. Пастаянна бываюць дэгустацыі чыпсаў. Працуюць аквагрым, фотазоны.

– «Цмокі» пераважна працуюць з аўдыторыяй на беларускай мове. Не так шмат у нашай краіне клубаў, якія гэта робяць. Як ставяцца да гэтага гледачы?

– Ёсць пэўныя моманты, дзе мы не можам выкарыстоўваць беларускую мову згодна з рэгламентам, бо гуляем ў расейскай Лізе ВТБ. Але агулам мы карыстаемся беларускай мовай, і людзі нават здзіўляюцца, калі на матчы чуюць нейкае слова не па-беларуску. Людзі разумеюць, што гэта родная краіна і родная мова.

Дзяніс Ганчарэнка belsat.eu