«Мафіёзныя гульні» Лукашэнкі з Пуціным. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Гары Каспараў, славуты расейскі шахматыст і палітык, у інтэрв’ю «Прасвету» заявіў, што Лукашэнка не зможа выжыць без мафіёзнага саюзу з Масквой. Пуцін жа думае імперскімі катэгорыямі, і для яго важна захаваць плацдарм.

Больш пра тэмы праграмы:

Лукашэнка прарваўся ў Еўразвяз, але там яго чакаў халодны душ

Адныя называюць візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Аўстрыю прарывам, іншыя не бачаць у гэтым нічога істотнага. Па факце, за рукапацісканнямі еўрапейскіх палітыкаў у Вене кіраўніка Беларусі чакаў халодны душ ад мясцовае прэсы ды стрыманая рэакцыя аўстрыйскага бізнесу. А самым важным вынікам паездкі можна лічыць афіцыйную пазіцыю Брусэлю, са згоды якога і быў магчымы візіт Лукашэнкі ў Аўстрыю. Ігар Кулей правёў два дні на месцы падзеяў.

Крэмль навязвае беларусам сваю версію гісторыі

Расейскія гісторыкі-прапагандысты хочуць, каб беларусы думалі так, як трэба Расеі. Як яны спрабуюць пашырыць свой уплыў у Беларусі? Каментуе гісторык Ігар Мельнікаў.

Крэмль хоча аслабіць Беларусь, каб увесці свае войскі. Ці абароніцца Лукашэнка ад таго, што сам падпісаў?

Расейскія медыі, а дакладней ізноў выданне «Камерсант», раскрываюць чарговыя падрабязнасці інтэграцыйнага працэсу. Абяцаюць непазбежную палітычную інтэграцыю ўслед за эканамічнай. Беларускі бок гэтым разам увогуле не адрэагаваў на такія заявы. Затое Аляксандр Лукашэнка ў чацвер выставіў цэлы шэраг прэтэнзіяў да Крамля. І перавёў дыскусію з пытанняў эканамічнай сферы да ваеннай супрацы. У інтэграцыйных рахунках разбіраўся Усевалад Шлыкаў.

Інтэрв’ю з Гары Каспаравым пра «мафіёзныя гульні» Лукашэнкі і Пуціна

Лукашэнка не зможа выжыць без мафіёзнага саюзу з Масквой. Пуцін жа думае імперскімі катэгорыямі, і для яго важна захаваць плацдарм. Беларусь і Расея не маюць перспектыўнай будучыні, пакуль імі кіруюць гэтыя дыктатары. Пра гульню, у якую гуляюць Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін, у інтэрв’ю Ганны Русінавай з Гары Каспаравым, славутым шахматыстам, які пасля завяршэння спартовай кар’еры стаў апазіцыйным палітыкам.

Ці змогуць афіцыйныя Менск і Вільня дамовіцца пра БелАЭС, каб Беларусь падпісала дамову з Еўразвязам?

Улады Беларусі таргуюцца не толькі з Масквою. Астравецкая атамная электрастанцыя сталася тым каменем спатыкнення, які замінае эфектыўнаму дыялогу Менску не толькі з афіцыйнаю Вільняй, але і з Брусэлем. На якія кампрамісы Менск гатовы пайсці ў пытанні БелАЭС, і ці ўвогуле магчымыя кампрамісы? Аркадзь Несцярэнка.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:20. Заходзьце на Facebook праграмы! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.