«Людзі спяць на падлозе каля прыбіральні». Удзельніца пратэсту супраць інтэграцыі – пра ўмовы ў ізалятары


Сустаршыня Руху Салідарнасці «Разам» Алена Талстая атрымала 8 студзеня найбуйнейшы штраф сярод усіх удзельнікаў снежаньскіх пратэстаў – Br 1350. Нядаўна жанчыну вызвалілі з ізалятару на Акрэсціна, дзе яна адбывала арышт за ўдзел у адной з акцыяў незалежнасці. У Студыі «Белсату» яна распавядае пра ўмовы ўтрымання ў ЦІП ды прычыны вяртання дзяржавы да практыкі арыштаў на содні.

Паводле Алены Талстой, умовы ўтрымання на Акрэсціна асабліва кепскія для жанчын.

«Не думаю, што гэта нармальна, калі чалавек, пакараны нават паводле закону, спіць на падлозе каля прыбіральні, не мыецца палову сутак. За еўрапейскія грошы яны змаглі паставіць у кожнай камеры па дзве камеры відэаназірання, а [палепшыць] умовы ўтрымання – не маглі, – распавядае актывістка. – Людзі, якія нават атрымліваць перадачу, не могуць есці гэтую ежу. Яны [ахова ізалятару] яе проста выкідаюць».

Паводле Талстой, у камерах дзейнічае правіла не сядзець на ложку.

«За гэта ўсю камеру могуць пазбавіць матрацаў – і ўсе будуць ляжаць на металёвых дошках», – працягвае жанчына.

Нягледзячы на тое, што спадарыня Алена абвесціла на Акрэсціна галадоўку супраць гэткіх умоваў утрымання, пасля вызвалення яна атрымала ад адміністрацыі ізалятару рахунак за ежу.

Падчас адбыцця арышту Алену Талстую павезлі кудысці ў невядомым напрамку. Пазней аказалася, што яе прывезлі ў пастарунак, дзе пратрымалі некалькі гадзінаў.

Паводле Алены Талстой, спосаб вызвалення, калі вязняў вывозяць у РУУСы, каб родныя не змаглі сустрэць іх пад сценамі ізалятару, – яшчэ адзін спосаб прычыніць маральную траўму і паздзеквацца над тым, каго вызваляюць.

«Уся гэтая аперацыя скіраваная на тое, каб людзі не праявілі салідарнасць, каб мы не маглі пабачыць адзін аднаго, каб не было падтрымання, – кажа яна. – Улада паказвае, што баіцца самастойнасці людзей, іхнай салідарнасці, баяцца, што людзі выходзяць бараніць сваю краіну».

Вяртанне да практыкі арышту на содні звязанае, на думку Алены Талстой, з тым, што «на беларусах ставіцца эксперымент – азбавіць людзей элементарнага права голасу».

«Бараніць Радзіму – права кожнага чалавека. Маё права як маці – адстойваць краіну, у якой не давядзецца ваяваць маім дзецям. Лукашэнка не дазваляе людзям выконваць свае канстытуцыйныя абавязкі. Ён як маньяк, які лічыць сябе адзіным гарантам незалежнасці, не можа дапусціць, што нехта яшчэ можа заняць гэтае поле – і выказваць самастойнасць, рашучасць і мужнасць», – кажа Талстая.

«Падчас адной з прагулак я мела магчымасць размаўляць з Паўлам Севярынцам, які перадаў усім вітанні і павіншаваў са святамі ды заверыў, што ён моцны духам. Мы тады выказалі адзін аднаму наш боль: што там будзе 29-га [снежня. – Заўв. «Белсат»], ці не зменіцца фармат, ці людзі выйдуць, ці будзе нехта, хто зможа правесці гэтую акцыю», – працягвае яна.

«Я заклікаю выходзіць на акцыі [за незалежнасць. – Заўв. «Белсат»] і ў Беларусі, і за мяжой. Я заклікаю Захад звярнуць увагу на гэтую праблему. Я заклікаю ўвесці дадатковыя санкцыі супраць краіны-агрэсара. Менавіта гэткімі палітычнымі метадамі мы можам зараз змяніць сітуацыю», – дадала Алена Талстая.

ДД belsat.eu

Калаж з фота: REUTERS / Vasily Fedosenko / Forum