Лыскава – месца, дзе жывуць прывіды


Велічны касцёл без даху і дзіўная царква яскравага сіняга колеру звяртаюць на сябе ўвагу ў Лыскава. Гэта мястэчка з багатай гісторыяй, а цяпер – вёска, якую цяжка знайсці на карце паміж Пружанамі ды Ваўкавыскам. Дастаткова прыгледзецца больш уважліва, і можна пабачыць тут таямнічыя сляды вялікіх падзеяў мінуўшчыны. Гэтыя сляды, як дасведчаны следапыт, прачытае Аляксандр Краўцэвіч.

Лыскава месціцца на мяжы гістарычнай Літвы і Палесся. Яно вядомае з XV ст. Тут праязджалі вялікія князі, каралі, а пазней – расейскія цары, калі ехалі на паляванне ў Белавежскую пушчу. Тут пакінулі свае сляды падзеі вельмі важныя не толькі для гэтага паселішча, але і для ўсёй Беларусі.

У Лыскава быў каралеўскі замак. Сёння ад яго засталіся толькі парослыя лесам валы на балоце. Толькі спрактыкаванае вока пазнае ў іх парэшткі фартыфікацыйных ўмацаванняў. Пра замак гэты вядома мала, але з легендаў ХІХ ст. вынікае, што ён быў пракляты і жылі ў ім прывіды.

Тут ёсць і здзічэлы ландшафтны парк ля зніклай сядзібы, апошні ўладальнік якой загінуў у сталінскіх лагерах.

У Лыскава стаіць царква Раства Багародзіцы, ўнікальная сваёй архітэктураю – другой такой у Беларусі няма. Яе скарбы, 157 абразоў розных эпох і народаў, аберагае айцец Аляксандр Багдановіч.

Ёсць у вёсцы і разбураны храм. Гэта Троіцкі касцёл супольнасці місіянераў, закінуты з 1960-х гадоў ХХ ст. Ён упарта супрацьстаіць часу: ягоныя сцены дагэтуль добра зберагліся, а на скляпеннях нават відаць роспісы. Побач з касцёлам – надмагілле найбольш яскравага прадстаўніка польскага сентыменталізму, паэта Францішка Карпінскага.

Хто і чаму пракляў Лыскаўскі замак? Кім былі місіянеры, якія пабудавалі Траецкі касцёл? Адкуль у Лыскаве ўнікальная для Беларусі царква? Гэтыя ды іншыя загадкі вонкава сціплай вёскі спрабуе на месцы разгадаць доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч.

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:50. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.