Шмат для якіх беларускіх меламанаў плэйліст на бліжэйшы час вызначаны. Пабачыў свет (пакуль – у электронным выглядзе) новы альбом Лявона Вольскага.
Кружэлка атрымала назву «Псіхасаматыка», увайшлі ў яе 16 новых песень, спампаваць іх можна на старонцы Лявона Вольскага ў сеціве. Тут жа – зварот музыкі да наведнікаў.
Лявон Вольскі піша: «Гэты альбом мы зрабілі разам з вамі». Рэч у тым, што грошы на запіс «Псіхасаматыкі» збіралі праз інтэрнэт – на зварот рокера дапамагчы сродкамі адгукнулася вялізная колькасць людзей, прозвішчы якіх пералічаныя на сайце.
Вольскі прысвяціў кружэлку «тым, хто застаўся ў шэрагу, і тым, што нас пакінулі, тым, чые жыцці будуць заўсёды асвятляць нашыя няроўныя камяністыя шляхі». На вокладцы альбому – фатаграфія Ганны Вольскай, якой не стала ў сакавіку. Лявон Вольскі прэзентуе альбом у Вільні, 3-га снежня. Квіткі ўжо можна набыць праз інтэрнэт.
Марына Вашкевіч, «Белсат»