Лябедзька: Улады не прымусяць «дармаедаў» аплочваць 100 % «камуналкі»


Лідар АГП каментуе несупадзенне ў лічбах беспрацоўных і «дармаедаў» у жывым эфіры.

Афіцыйная статыстыка фіксуе 22 тысячы беларусаў, якія не маюць працы. Папярэдні Дэкрэт №3 «аб дармаедах» гаварыў пра крыху больш чым чатырыста тысячаў чалавек. Затым Міністэрства працы ўдакладніла гэтую лічбу да паўмільёна. Ну і вось зараз – прыблізна 250 тысячаў. Менавіта столькі беларусаў, паводле прагнозаў Міністэрства працы, мае закрануць абноўлены Дэкрэт «аб дармаедах». Паводле лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі, улады блытаюцца ў лічбах.

Каб разумець маштабы беспрацоўя, паводле Анатоля Лябедзькі, трэба арыентавацца не на 20 тысячаў афіцыйных беспрацоўных, а на 470 тысячаў лістоў шчасця, якія разаслала летась Міністэрства працы.

«Гэтая велічэзная лічба сведчыць пра тое, што ў нас кожны дзясяты – «дармаед». Гэта вынік кіравання Аляксандра Лукашэнкі», – кажа Лябедзька.

Наш суразмоўца ўпэўнены, што ўлады не прыйдуць і не прымусяць аплочваць поўную вартасць камунальных паслугаў ані 400, ані 250, ані нават 100 тысячаў чалавек.

«Гэта будзе новы сацыяльны выбух», – сцвярджае Лябедзька.

Поўную размову з палітыкам глядзіце ў «Гарачым каментары»