Лукашэнка зноў заплакаў. NEXTA на Белсаце


Ігар Кулей і Сцяпан Святлоў – суб’ектыўна пра галоўныя падзеі тыдня.

Гуляюць усе

Галоўная падзея тыдня – прыезд кіраўніка Расеі ў Беларусь. Але нашмат больш цікавейшая была падрыхтоўка да візіту высокага госця. Анамальна высокая колькасць прыбіральнікаў на квадратны метр, адстрэл валацужных сабакаў ды нават забарона пакідаць інтэрнаты. Затое былі і нечаканыя бонусы. Пра тое, што давялося перанесці магілёўцам – Вольга Старасціна.

Суседзі, якія называюць сябе найлепшымі хаўруснікамі, а нават – братамі. Беларусь і Расея ўжо трэцяе дзесяцігоддзе будуюць саюзныя адносіны. Паразмаўляць аб справах гэтага даўгабуду ў Магілёў прыехалі высокія прадстаўнікі абедзвюх дзяржаваў.

Да трохдзённага форуму рэгіёнаў Расеі ды Беларусі ў Магілёве рыхтаваліся сур’ёзна і размашыста – мільённыя ўкладанні ў пабудову трыумфальнай аркі, у шыкоўны рамонт Палацу вобласці, у рамонт галоўнай плошчы, дзе добрую плітку памянялі на яшчэ лепшую. І ўсё не дарма: Пуцін назваў горад прыгожым. Лукашэнка дадаў: Магілёў не толькі беларускі горад, але і расейскі. Да чаго яшчэ дагаварыўся кіраўнік Беларусі, невядома – падрабязнасцяў размоваў тэт-а-тэт людзям не паведамляюць.

«Я з задавальненнем вітаю вас на магілёўскай зямлі. Заўсёды радыя бачыць вас тут. Таму прыязджайце ў любы час», – заявіў Лукашэнка Пуціну.

Пакуль кіраўніцтва засядала ў палацы, народ гуляў на вуліцах гораду. Пра гараджанаў, якія скідваліся на рамонты ды штосуботу бясплатна чысцілі вуліцы, таксама паклапаціліся ўлады. У Магілёве знізілі кошты на моцны алкаголь і закускі. Піва ж увогуле раздавалі бясплатна.

Як прадаць нікому не патрэбнае

Калінкавіцкі райвыканкам прыдумаў, як не сапсаваць, а з выгадаю для сябе і карысцю для людзей прыстроіць сёлетні багаты ўраджай яблык. Райвыканкам, як і раней, дае мясцовым органам кіравання разнарадку, колькі прадаць, а тыя даюць справаздачу, ці атрымалася.

Гэткі стары адміністрацыйны метад сёлета назвалі вітамінізацыяй насельніцтва. Вось толькі навошта мясцовым жыхарам набываць калгасныя яблыкі, калі ў саміх галіны ломяцца ад сакавітых пладоў? Але шмат вітамінаў не бывае. Таму мясцовая праграма вітамінізацыі і склады разгружае, і даход у скарбніцу прыносіць.

Чаму б чыноўнікам з іншых галінаў гаспадаркі не скарыстацца ўжо апрабаванаю і паспяховаю маркетынгаваю стратэгіяй ды не распрадаць беларусам таксама залежы прамысловай прадукцыі? Клопатам пра сем’і можна патлумачыць прымусовы продаж ім беларускіх грузавікоў паводле праграмы перасадкі з замежных і цесных аўтаў на прасторныя беларускія самазвалы. Гэтак і склады разгрузяцца ад залеглых тавараў, і бюджэт заробіць мільярды рублёў.

Дагуляліся

Некаторыя за ўсё жыццё не маюць столькі прыгодаў, колькі сябры, топавыя расейскія футбалісты Аляксандр Какорын і Павел Мамаеў, мелі за адныя толькі содні.

Удзень футбалісты згулялі матч, увечары знялі цэлы вагон, каб з Піцеру паехаць у Маскву, бо, відаць, толькі ў сталіцы з належным размахам можна адзначыць дзесяцігоддзе сяброўства. Уначы не ў гатэль жа ісці! Футбалісты пайшлі ў сталічны стрыптыз-клуб. А зранку ў якасці трэнавання – паштурхалі аўты на вуліцы, а на заўвагу кіроўцы паштурхалі яго – зламалі нос, разбілі галаву. А пасля спакойна пайшлі паснедаць у кавярню. Але і там давялося трэнавацца – пабіць, у тым ліку і крэслам, маскоўскага чыноўніка. Не адразу, вядома, але футбольных зорак затрымалі.

Какорыну і Мамаеву пагражае да 7 гадоў зняволення. За кратамі актыўны лад жыцця давядзецца змяніць на больш спакойны.

ДД