Лукашэнка забараніў палюбоўніц. NEXTA на «Белсаце»


Віцебская вобласць найхутчэй за іншыя зарастае атрутнымі раслінамі – баршчэўнікам! Іх распаўсюджанне прызнанае адною з пагрозаў нацыянальнай бяспецы. Найгоршыя па краіне тут і паказнікі ў сельскай гаспадарцы. Каровы не даюць малака, свінні – мяса, а палеткі – зерня.

«За ўсё адказныя перш за ўсё кіраўнікі гаспадарак і райвыканкамаў», – заяўляе Аляксандр Лукашэнка.

Не здагадаліся валіць віну на баршчэўнік, то ўсім кагалам ідзіце на пошукі:

«Знайдзіце не сваякоў і не сыноў, не палюбоўніц і палюбоўнікаў, а добрых спецыялістаў і накіруйце туды!» – падсумоўвае галоўны аграном.

Інакш гэтак і будзем боўтацца ля плінтусу ў рэйтынгу квітнеючых краінаў свету. Ажно 73-е месца са 167 далі Беларусі аналітыкі Legatum Prosperity Index 2019. Ёсць і прыемнае суцяшэнне… Расея як ніколі пад намі – на 74-ым месцы! Галоўнае, каб людзі сваю ўладу любілі, на выбары прыходзілі і прагаласавалі за тых, за каго іх «прасілі».

Прасіў, відаць, за ўласных сваякоў і палюбоўніц у кіраўніка Палаты Прадстаўнікоў:

«30-35 % старога складу мы папросту настойліва мусім раіць, каб пазмагаліся і трапілі ў новы склад парламенту».

На прэзідэнцкія ж выбары Лукашэнка прапанаваў 100 % старога складу! З папраўкаю, што…

«Я сваю кандыдатуру прапаную на гэтых выбарах, але калі буду адчуваць, што вы катэгарычна супраць, безумоўна буду перажываць, але тым не менш вы маеце маю кандыдатуры адрынуць на выбарах, і я паабяцаў, што сінімі пальцамі за фатэль трымацца не буду!»

А калі не падабаецца – можаце выбраць іншага – толькі паспеў вымавіць, як атрымаў кампанію ў інтэрнэце: «Лукашенко, не баллотируйся, отдохни!» Колькасць зваротаў расце! Законна і бяспечна свае відэа дасылайце стваральнікам флэш-мобу: nardeputat@gmail.com і на Telegram, Viber ці Whatsapp: +375295397676.

А мы запыталіся ў жыхароў актыўнага ў выбарах Віцебску, ці гатовыя яны развітацца з дзейным кіраўніком:

«Тэрмін ужо доўгі адбыў і шукае сабе замену. Магчыма нават стаміўся».

«Ніхто не забараняе сысці! Назарбаеву таксама было не лёгка, але склаў паўнамоцтвы».

«Будзе гэты чалавек яшчэ 10 гадоў «служыць» Беларусі».

Нават старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заўважыла, што «беларусы безабаронныя перад нахабнікамі», маўляў, ёсць у нас такая нацыянальная рыса.

Але ці дастаткова ў нашых дамах дабрабыту, а ў сэрцах – удзячнасці, каб гарантаваць Аляксандру Лукашэнку, калі ён усё ж пакіне ўладу, недатыкальнасць, спецсувязь і «ганаровае ўтрыманне» на пенсіі? Такім законапраектам здзівіла беларусаў дзейная дэпутатка Ганна Канапацкая. Дакумент будзе разглядаць новы дэпутацкі корпус, на 30 % задаволены сваім пераходам у новую кадэнцыю… без Ганны Канапацкай.

Юлія Цяльпук, Сцяпан Святлоў belsat.eu

Калаж з фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum