«До свиданья, наш ласковый Миша, возвращайся в свой сказочный лес!». На гэтым тыдні Беларусь пакінуў спецпрадстаўнік Пуціна ў нашай краіне Міхаіл Бабіч.
«Захад таксама спрабуе ўплываць праз медыі, функцыянуе тэлеканал «Белсат», які базуецца ў Польшчы, – казаў у інтэрв’ю каналу RT Міхаіл Бабіч. – Нам агулам у расейска-беларускіх адносінах трэба памяняць стаўленне да інфармацыйнае палітыкі».
Указам 200 Міхаіла Бабіча адправілі з пасады амбасадара Расеі ў Беларусі. За няпоўны год працы Міхаіл Бабіч так дастаў беларусаў, што практычна ўсе апытаныя намі на камеру людзей, нават незалежна ад поглядаў на Расею, з задавальненнем успрынялі ягоную адстаўку.
Вось некаторыя выказванні менчукоў:
«З’ехаў, туды яму і дарога».
«Выказванні ў яго былі вельмі расейскія, прарасейскія, што для нас, для беларусаў, абсалютна непрымальна».
«Кішка ў яго тонкая разбураць адносіны з расейскімі людзьмі».
«Магчыма, у нейкім сэнсе ён няздатны ў сваёй прафесіі».
З адкліканнем Бабіча ў нашай краіне больш няма пасады спецпрадстаўніка Пуціна ў справах Беларусі. Хаця, калі падумаць, то на падобнай пасадзе чалавек у нас ужо даўно ёсць, і канкурэнцыі ён не трывае.
«Расея – гэта, можна сказаць, аплот нашага суверэнітэту», – заяўляў Аляксандр Лукашэнка падчас суботніку на лініі Сталіна.
Новым амбасадарам стаў паплечнік Уладзіміра Пуціна з піцерскіх часоў – кандыдат псіхалагічных навук Дзмітрый Мезенцаў. Яму паставілі ўсё тую ж задачу: праводзіць глыбокую інтэграцыю.
У калажы вокладкі выкарыстанае фота Сяргея Чырыкава/Pool/Reuters/Forum