Логіка санкцыяў ЕЗ супраць рэжыму Лукашэнкі. «Прасвет» з Алінаю Коўшык


Больш пра тэмы праграмы:

Вераніка Цапкала: санкцыйны спіс недастатковы

Беларуская дэмакратычная апазіцыя атрымала ўзнагароду Еўрапейскага парламенту імя Андрэя Сахарава за свабоду думкі. Што дае беларусам гэтая ўвага ўсяго свету? Інтэрв’ю з Веранікаю Цапкалай, адною з лаўрэатак прэміі.

Прэмія Сахарава – дэмакратычнай апазіцыі, а дыктатару – слабыя санкцыі

Новы, трэці пакет санкцыяў Еўразвязу супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі планавалі ў два разы большым. Пасля доўгіх кансультацыяў дзяржаваў-сябраў ЕЗ і няспыннае працы Каардынацыйнай рады і Святланы Ціханоўскай у ім дваццаць дзевяць асобаў і сем арганізацыяў. Хто скараціў спіс і ці Брусель наагул можа дазволіць сабе рэальны эканамічны ўдар па афіцыйным Менску, высвятляў Усевалад Шлыкаў.

У чым логіка санкцыяў ЕЗ супраць рэжыму Лукашэнкі?

Інтэрв’ю Аліны Коўшык з Пэтэрам Стана, прэс-сакратаром Еўрапейскай службы вонкавых дачыненняў. Спікер дыпламатыі Еўразвязу распавёў пра сустрэчы Святланы Ціханоўскай з кіраўцтвам Еўрапейскага звязу, ды заявіў, што афіцыйны Брусель лічыць беларусаў часткай еўрапейскай супольнасці.

Лукашэнка робіць стаўку на расейскі «Спутнік», а Ціханоўская просіць вакцыну ў Берліне

Афіцыйна колькасць інфікаваных COVID-19 у Беларусі перавысіла 165 тысячаў. Неафіцыйна – перахварэла большасць. Лукашэнка спачатку адмаўляў небяспеку пандэміі, а цяпер на ёй піярыцца, актыўна наведваючы чырвоныя зоны ў шпіталях і дзеліцца з медыкамі чарговымі планамі барацьбы з заразай. На ўзбраенне бярэцца не толькі сумнеўная вакцына расейскай вытворчасці. Узурпатар анансуе стварэнне ўласнай прышчэпкі. Тым часам Святлана Ціханоўская папрасіла ў Берліне заходнюю вакцыну для беларускіх медыкаў. Сюжэт Насты Ільіной.

Нядоўгі мір. Чаму зноў страляюць у Нагорным Карабаху?

У Карабаху на гэтым тыдні адбылося першае парушэнне перамір’я пасля падпісання трохбаковага пагаднення. Канфлікт удалося пагасіць расейскім міратворцам, але напружанасць не спадае. У сераду ўвечары армянскія вайскоўцы ў Карабаху абвясцілі, што не маюць звестак пра лёс прыблізна 73-ох сваіх байцоў. Згодна з іхнаю заяваю, гэтыя людзі зніклі ў раёне двух сёлаў, дзе і разгарэўся канфлікт. Але каму з бакоў можа быць выгадная эскалацыя канфлікту? Сюжэт Святланы Аўчаровай.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у чацвер а 20:35. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Фота: POOL / Reuters / Forum